Пра Чапаева і Пустату



У чужой бажніцы свечкі не папраўляй. – Так гаворыць народная мудрасць. Аднак улады адной суседняй краіны пастаянна спрабуюць гэтыя свечкі папраўляць не ў сваёй бажніцы. А потым яшчэ і здзіўляюцца і крыўдзяцца, чаму іх нідзе не любяць.

У Гародні дэмантавалі помнік Чапаеву. Трэба заўважыць, што для маладога пакалення  асоба Васіля Іванавіча гаворыць роўна столькі, колькі і асоба Леніна: нейкі дзядзька. А што ён там рабіў, і чаму яму прысвяцілі цэлы помнік – дакладна ўжо ніхто не скажа. Самыя прасунутыя падумаюць, што гэта герой рамана Віктара Пялевіна “Чапаеў і Пустата”. То бок той самы, які дапамог прыйсці да прасвятлення саторы Пятру Пустату. Менш начытаныя падумаюць, што гэта помнік герою вядомых анекдотаў. І толькі старэйшае пакаленне зможа распавесці, што Чапаеў змагаўся супраць белых у Грамадзянскай вайне. Чым жа ён там быў адметны, скажуць толькі адмыслоўцы. Аднак дакладна да Гародні і да Беларусі ён мае такое ж дачыненне, як які-небудзь японскі самурай Тайра-но Кіёморы. З адной толькі розніцай, што помнік Чапаева ў Гародні ёсць, а помнік Тайра-но Кіёморы – няма.

І вось у Гародні гэты помнік Чапаеву спачатку прыбралі на рэканструкцыю. Аднак пасля таго, як жыхары Гародні сабралі подпісы адправіць бюст Васіля Іванавіча ў музей, Чапаеў на ранейшае месца ўжо не вярнуўся. І ўсе былі задаволеныя: улады, што не давядзецца грошы выдаткоўваць на рэканструкцыю Чапаева, а грамадзяне, што нарэшце хоць адным камуністычным сімвалам стала меней. Але тут умяшалася пасольства Расеі ў Беларусі. МЗС Расеі і Пасольства звярнулі ўвагу на дэмантаж помніка. А супрацоўнік пасольства Расеі нават сустракаўся з прадстаўнікамі Гарадзенскага аблвыканкама з гэтай нагоды. Уяўляеце, пасольства Расеі займаецца нейкім бюстам, які стаяў у беларускай Гародні. Вось вас цікавяць бюсты, якія стаяць, напрыклад, у Варонежы? Мяне не. А вось расейскае МЗС непакоіцца за лёс нежывога Чапаева, які стаяў у Гародні. А ўвогуле: нашыя бюсты: што хочам з імі, тое і робім. А расейскія ўлады заняліся б лепей сваёй краінай, а ў нашую не лезлі.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ