Пра чэргі пратэсту



Чарга – вось сімвал апошніх дзён. Чарга падчас пікетаў, чарга ў нацыянальную краму, чарга па звычайную ваду. І ва ўсіх гэтых чэргах абмяркоўваюць не надвор’е, а палітычныя падзеі. Калі так далей пойдзе, то ўлады забароняць стаяць у чэргах, як у свой час забаранялі пляскаць у далоні.

Пра чэргі падчас пікетаў мы ўсе памятаем. Людзі маглі дзве гадзіны стаяць, каб здаць подпіс за вылучэнне альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты. Скончылася ўсё гэта хапуном падчас апошняга пікета. Не вытрымалі нервы ва ўладаў: вырашылі затрымаць, каб нагадаць, хто ў доме гаспадар. Не атрымалася.

Чарга ў нацыянальную краму ўтварылася пасля таго, як паведамілі, што крама symbal.by закрываецца. Уладныя праверкі ў краме сталі такімі частымі, а прэтэнзіі такімі беспадстаўнымі, што давялося папулярную краму закрыць. Аднак чаргу, якая ўтварылася праз закрыццё крамы, разагнаў АМАП. Маўляў, паступіла паведамленне пра нейкі канфлікт. А гэта ж, канешне, падстава, каб затрымаць людзей. Вунь у мяне ў двары часценька, хтосьці канфліктуе, але чамусьці АМАП не прыязджае і людзей не хапае. А ў выпадку з symbal.by дык адразу адрэагавалі.

Чарга па ваду ўтварылася пасля таго, як у некалькіх раёнах Менска ваду стала немагчыма піць. Прыехала нават цыстэрна з пітной вадой, да якой і выстраілася чарга. У ёй дарэчы людзі жартавалі, што можа прыехаць АМАП і разагнаць. Ну а што, чэргі ж афіцыйных пікетаў разагналі. Чаргу ў краму – таксама. Чаму б і чаргу па ваду не разагнаць. А потым яшчэ можна заняцца чэргамі ў банкаматы і банкі. Ці, напрыклад, да тэрапеўта.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ