Пра дробныя перашкоды на Дзень Волі



Калі не затрымаем, дык хоць неяк перашкодзім. – Такой логікай карысталіся, відаць, пэўныя асобы ў Беларусі, перашкаджаючы анлайн-святу на 25 сакавіка.

Сёлета ўпершыню за сучасную гісторыю святкаванне Дня Волі праходзіла праз інтэрнэт. А таму затрымаць ягоных удзельнікаў у беларускіх уладаў не было магчымасці. Ну, не ўрывацца ж у кватэры за беларускія песні і воклічы “Жыве Беларусь”. Аднак неяк перашкодзіць святу можна. Што і зрабілі невядомыя асобы. Святочны канцэрт да ўгодкаў абвяшчэння БНР мусіў транслявацца ў жывым эфіры на youtube. Арганізатары канцэрта вырашылі праводзіць яго анлайн, каб не падвяргаць небяспецы здароўе людзей, якія б прыйшлі на дадзенае мерапрыемства. Аднак спробы запусіць жывы эфір нечакана сарваліся, хоць інтэрнэт у клубе, адкуль мусіў транслявацца канцэрт, быў выдатны. “Інтэрнэт стаў выдаваць памылку, як толькі пачаўся разагрэў. Перадаць сігнал немагчыма”, — распавёў адзін з арганізатараў канцэрта. Арганізатары праверылі ўсе магчымыя каналы інтэрнэту. Аднак ён так і не з’явіўся. Можна было б сказаць “містыка”, калі б мы ўсе не ведалі, наколькі беларускія ўлады не любяць Дзень Волі. Затое як добра, што беларускія ўлады не вызначаюць пляцоўкі для анлайн-святкавання, а тое б адправілі на віртульны Бангалог глядзець канцэрт з нагоды абвяшчэння БНР. А так мы можам глядзець на папулярнай платформе. Хоць і не ў прамым эфіры, а ў запісе.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ