Пра дыктатуру



У кожнага чалавека свае брэнды, свае трэнды, – гаварыла калісьці былая намесніца міністра сельcкай гаспадаркі Надзея Каткавец, разважаючы пра моду. Аўтарка вядомага выразу пра “хаацічаскі сложныя цэны” як у ваду глядзела. Спадарыню Каткавец ужо і ў адстаўку адправілі, але справа сваіх брэндаў і свах трэндаў жыве.

Прэс-сакратарка кіраўніка краіны Наталля Эйсмант нядаўна таксама выказалася наконт брэндаў. Праўда, не ў сферы моды, а ў сферы палітыкі. Хаця лепей бы яна разважала пра тое, ці з’яўляецца міні-спадніца дагэтуль трэндам. Наталля Эйсмант у адной з тэлеперадач была госцяй і разважала пра панятак “дыктатура”. Паводле прэс-сакратаркі, у сучасным свеце хаосу і беспарадкаў можа ўзнікнуць запыт на дыктатуру. Больш за тое, Наталлі Эйсмант падаецца, што ў 2019 годзе  слова дыктатура ўжо часам набывае нейкае пазітыўнае адценне. Увогуле, як кажуць у народзе, калі падаецца, то хрысціцца трэба. Добра, што яшчэ ў стылі марксізму-ленінізму не пачала размаўляць пра дыктатуру пралетарыту як неабходную стадыю пераходу да сацыялізму. Пасля выказвання Наталлі Эйсмант пра пазітыўнае адценне дыктатуры, англійскі філосаф 17 стагоддзя Джон Лок варочаецца ў сваёй магіле на царкоўных могілках Хай-Лэвер. Ён жа даказваў, што існуе права на паўстанне, калі ўзнікае грамадская дамова, што прыводзіць да дыктатуры. А тут, з вуснаў Наталлі Эйсмант, якая жыве ў 21 стагоддзі, вымаўляецца пра запатрабаванне на дыктатуру. Такое адчуванне, што Наталля Эйсмант прадмет “Гісторыя” ў школе прагуляла. Інакш, як можна сказаць, што дыктатура – гэта наш брэнд. Хаця, можа, яна ўсё-такі пра фірму вопраткі гаварыла, а не пра форму ажыццяўлення дзяржаўнай улады, якая характарызуецца неабмежаванай уладай  аднаго чалавека.  

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ