Пра Дзеда Мароза па ТВ замест Нобеля



Лекцыю нашага першага нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч не паказалі па беларускім тэлебачанні, хаця да канца заставалася надзея: а раптам. Раптам не здарылася. Замест гэтага па адным з беларускіх каналаў паказвалі гутарку з пераможцамі конкурсу бальных танцаў. Не, гэта ж, канешне, больш важна, чым нобелеўскі лаўрэат. Падумаеш, Нобель. Ды ў нашай краіне гэтых нобеляў… Проста не ўсіх узнагароджваюць. Іншая справа — пераможцы бальных танцаў. Іх у нашай краіне днём з агнём не адшукаеш. Бальныя танцы — гэта вам не кнігі пра Другую сусветную вайну ці вайну ў Афганістане. Народ весяліцца хоча, а тут нейкія сур’ёзныя тэмы.

Па іншым беларускім канале паказвалі размову з паэткай Раісай Баравіковай, якая чытала па-беларуску вершы пра каханне. Вершы пра каханне — гэта таксама вельмі важна. Не тое, што антываенная прамова Святланы Алексіевіч і яе крытыка сацыялізму з чалавечым тварам. Па іншых каналах былі навіны. Але ў іх было пра ўсё, акрамя лекцыі Нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч. Да прыкладу, у навінах па СТВ распавялі і пра тое, што год будзе праходзіць ва ўмовах абмежаванняў, і пра тое, што Аляксандр Лукашэнка наведае В’етнам і Туркменістан. І нават пра тое, што ў Латвіі будзе новы ўрад, а ў Беларусі з’явіўся першы пакой з лёду для Дзеда Мароза. Такое адчуванне, што першая ледзяная рэзідэнцыя Дзеда Мароза — гэта больш важна, чым першы беларускі нобелеўскі лаўрэат. Нібыта ўвесь свет сочыць за той рэзідэнцыяй Дзеда Мароза, а не за лекцыяй Святланы Алексіевіч.

А калі шчыра, то прыкра, што многія з нас не ўмеюць цаніць свайго. Упершыню ў гісторыі Беларусі з’явіўся нобелеўскі лаўрэат. А ў нас на першы план выходзяць нейкія Дзяды Марозы ды візіты ў Туркменістан.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ