Пра дзевяць колаў пекла



Дзевяць колаў пекла трэба прайсці беларускамоўным бацькам, каб стварыць беларускамоўныя групы для сваіх дзяцей у садках. З адной толькі розніцай: у адрозненне ад дантаўскай камедыі беларускамоўныя бацькі грахоў не здзяйснялі. Затое нервы папсуюць беларускія чыноўнікі не горш за фурыяў, кентаўраў і гарпіяў.

Адкрыць у беларускай дзяржаве беларускамоўную групу так жа цяжка, як кітайскамоўную. Хаця, калі б бацькі выявілі жаданне стварыць рознаўзроставую кітайскамоўную групу, то беларускія чыноўнікі вывілі б большы імпэт і зацікаўленасць.

З адпісак, якія атрымліваюць беларускамоўныя бацькі, можна скласці цэлую энцыклапедыю. Спачатку чыноўнікі гавораць самым прыязным тонам, што стварыць беларускамоўную групу – не праблема, а праблема – у адсутнасці ахвотных. Калі ж ахвотныя знаходзяцца, чыноўнікі пачынаюць прыдумваць самыя розныя адгаворкі, якія ў рэшце зводзяцца да таго, што магчымасці адкрыць групу – няма. Апошні з такіх выпадкаў – у Менску, дзе бацькі ўжо паўгода змагаюцца за адкрыццё беларускамоўнай рознаўзроставай групы для дзяцей. Бацькі гавораць, што існыя ў сталіцы беларускамоўныя групы толькі фармальна з’яўляюцца такімі. Бо беларускай мовы ў іх можа быць толькі дзве гадзіны на тыдзень, а некаторыя выхавацелькі ўвогуле могуць не валодаць беларускай мовай. Аднак для беларускіх чыноўнікаў такі стан рэчаў – не аргумент. А таму бацькам і надалей давядзецца змагацца з беларускай дзяржаўнай машынай, якая зусім не мае сапраўдных намераў спрыяць развіццю беларускай мовы. Але ж гаварыць вам беларускія чыноўнікі будуць, што яны ўсімі фібрамі душы – за беларускую мову.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ