Пра дзіўныя палітычныя метамарфозы



Была ў мяне знаёмая бабця – стопрацэнтная прыхільніца ўлады. Ніякія аргументы не маглі яе пераканаць. Але аднойчы палезла яна штосьці ў шафе дастаць, залезла на табурэтку – і выпадкова ўпала адтуль. Апрытомнела бабця ўжо зусім іншым чалавекам. Як пераклініла яе: стала яна наадварот апазіцыянеркай. Пра сваю любоў да самі-ведаеце-каго забылася…

Такое адчуванне, што лідар ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч з усімі партыйцамі масава ўпалі з табурэтак. Не, да шэрагаў апазіцыі ЛДПБ яшчэ не далучылася. Але ліберальна-дэмакратычная партыя нечакана прапанавала легалізаваць статус бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоні”. Сапраўды, з табурэтак зваліліся, як мая знаёмая бабця. Бо інакш немагчыма патлумачыць, чаму праўладная партыя вырашыла змагацца за наданне “Пагоні” і бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Пасля таго, як Вышэйшы савет і Цэнтральны камітэт ЛДПБ зладзілі пашыранае пасяджэнне, прэс-служба партыі паведаміла пра гістарычную падзею. А менавіта пра тое, што партыя выступіла перад уладамі з ініцыятывай надаць бел-чырвона-беламу сцягу і гербу “Пагоня” статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. І дазволіць свабодна карыстацца гэтымі сімваламі. Так і ўяўляецца, як сябры ЛДПБ заходзяць на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў з бел-чырвона-белымі сцягамі. Бедныя іншыя народныя абраннікі не будуць ведаць, што рабіць, бо падумаюць, што ўлада змянілася і Пазняк вярнуўся.

А ўвогуле ЛДПБ, як той флюгер: куды дзьме вецер, туды і яны. Запрасілі на дыялог прарасейскіх сіл – яны там. Стаў модны бел-чырвона-белы сцяг – яны змагаюцца за яго легалізацыю.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ