Пра геніяў з медкамісіі ў ваенкамаце



У Беларусі маладзёна з гідрацэфаліяй могуць забраць у войска. Наяўнасць у юнака шунту ад галавы да пупка не перашкодзіла лекарам прызнаць яго годным да службы ў войску. Яшчэ 25 гадоў таму ў хворага з дыягназам «гідрацэфалія» не было шанцаў выжыць. А цяпер ажно ў войска бяруць. Што праўда, з абмежаваннямі. Пасля такога сумняешся ў адэкватнасці паводзінаў медкамісіяў у ваенкамаце.

Маці 23-гадовага Міхаіла Аліна Праваторава – у адчаі. І зразумела, чаму. У сацыяльнай сетцы Фэйсбук яна напісала пост, што ейнага сына з гідрацэфаліяй могуць забраць у войска. Калі хто не памятае, то гідрацэфалія – гэта калі спінна-мазгавая вадкасць не можа выходзіць у спінны мозг і застаецца ў галаве. Ці як напісала Аліна Праваторава, спінна-мазгавая вадкасць назапашваецца ў галаве, забіваючы мозг. Лішак гэтай вадкасці можа прывесці да розных неўралагічных расстройстваў, зніжэння зроку, слабасці рук і ног і нават смерці. Лечыцца гідрацэфалія аперабельна. Чалавеку ставіцца шунт, які лішнюю вадкасць і прыбірае. Шунт трэба перыядычна мяняць. Аднак для медкамісіі ў ваенкамаце гэта ўсё не аргумент. Сапраўды, падумаеш нейкая трубка ў арганізме ад мозгу да пупка. Гэта ж такія дробязі. І з шунтам ваяваць можна. Як сказалі ў Мінабароне, раз аўто вадзіць можа, то і да войска годны. Інтэрнэт-карыстальнікі на такія паводзіны адрэагавалі іранічнымі выказваннямі. Маўляў, мозг у супрацоўнікаў Міністэрства абароны памёр ужо даўно.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ