Пра хваляванні расейскіх чыноўнікаў



Вузкае кола гэтых чыноўнікаў, страшна далёкія яны ад беларусаў. – Так можна перафармуляваць з улікам апошніх падзей вядомы выраз Уладзіміра Ільіча. Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў пра тое, што Расея занепакоеная тым, што ў Беларусі працягваюцца акцыі пратэсту. Заўважце, занепакоеная не тым, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека, беспакарана затрымліваюць і забіваюць людзей, жорстка разганяюць акцыі пратэсту. А занепакоеная тым, што акцыі пратэсту працягваюцца. Падумаеш, тысячы людзей сядзяць у ізалятарах за сваю грамадзянскую пазіцыю. Расея на гэта чхаць хацела. Ім галоўнае, каб тут усё было ціха, спакойна і без змены ўладаў. А яшчэ, як прызнаўся Сяргей Лаўроў, Расея задаволеная тым, што пратэсты сыходзяць на не. Ох, не ведае міністр замежных спраў Расеі беларусаў. Тое, што ўлады задушылі гвалтам пратэсты, зусім не азначае, што яны скончыліся. Часовы адпачынак – не азначае сканчэнне. А міністру замежных спраў Расеі варта было б лепей павывучаць сітуацыю ў краіне, з якой яны так мараць інтэгравацца. Глядзіш, і зразумеў бы тады, што ягоныя мары ні да чаго не прывядуць.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ