Пра клопат чыноўнікаў



Памятаеце, быў такі міністр аховы здароўя, пры якім увесну ў разгар каронавірусу праводзіліся суботнікі, парад і футбольны чэмпіянат. Той самы, які пастаянна нам гаварыў, што сітуацыя стабілізавалася. Той, які не насіў маскі ў разгар пандэміі. І гэта менавіта той самы міністр аховы здароўя, які на заявы аднаго вядомага вірусолага, што кавід трэба лячыць гарэлкай і трактарамі, не адрэагаваў аніяк. Ну, яшчэ была дзіўная статыстыка хворых і памерлых ад каронавірусу. І яшчэ чамусьці медыкам менавіта валанцёры маскі раздавалі, абедамі кармілі, а з боку Міністэрства аховы здароўя асаблівых клопатаў пра падначаленых і не было. Наадварот, аднаразовых масак не хапала, медыкі самі шылі сабе абарончыя касцюмы. Карацей, клопат з Міністэрства аховы здароўя гэтай вясной быў, як у тым анекдоце пра сусліка: мы яго не бачым, але ён, напэўна, ёсць.

І вось на новай пасадзе кіраўніка аднаго рэгіёну ён пачаў рэзка клапаціцца пра людзей і гаварыць пра меры бяспекі ды сацыяльнага дыстанцыянавання. Маўляў, дзіўна, што заклікаюць збірацца ў дварах, чай піць, удзельнічаць у маршах. То бок парад праводзіць увесну можна было, суботнікі таксама. Тады ў яго не выклікала гэта здзіўлення. Тады ён супраць не выступаў. А як народ узняў галаву, дык гэты былы міністр аховы здароўя адразу ўзгадаў пра сацыяльнае дыстанцыянаванне. Што тут сказаць: вельмі паслядоўны чалавек. Лепей бы паклапаціўся пра тое, што сваякі затрыманым некалькі дзён не могуць перадаць перадачы, а, значыцца, і маскі. То бок затрыманыя знаходзяцца без індывідуальных сродкаў абароны. Не кажучы пра ўмовы ў ізалятарах і збіццё пры затрыманнях. Аднак былы міністр на гэты конт маўчыць, як вады ў рот набраўшы.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ