Пра кубік Рубіка і трактары



Эрнё Рубік – таленавіты венгерскі прафесар архітэктуры і скульптар. Але нам ён у першую чаргу вядомы сваёй галаваломкай – кубікам Рубіка, які вынаходнік прыдумаў у 1974 годзе. З тых часоў кубікаў Рубіка прадалі больш за 450 мільёнаў. І вось хутка прададзеных кубікаў Рубіка стане яшчэ болей. «Менскі трактарны завод» збіраецца купіць больш за 12 тысячаў кубікаў Рубіка. А цяпер пытанне, якім задаюцца інтэрнэт-карыстальнікі: навошта МТЗ столькі кубікаў?

12 190 кубікаў Рубіка – такая колькасць галаваломак пазначана ў раздзеле «закупкі» на сайце «Менскага трактарнага завода». На пакупкі выдзеленая і сума: 255 тысячаў беларускіх рублёў, альбо 127,5 тысячаў даляраў. То бок адзін кубік абыдзецца прадпрыемству ў 10 даляраў. Хтосьці гаворыць, што гэта дорага. Хтосьці заўважае, што можна было б на розных кітайскіх сайтах набыць танней. Аднак адказу так і няма на пытанне: навошта «Менскаму трактарнаму заводу» 12 190 кубікаў Рубіка? Нехта з інтэрнэт-карыстальнікаў выказаў здагадку, што гэта акцыя: купі трактар – і атрымай кубік Рубіка ў падарунак. А іншыя дадалі, што спачатку трэба навучыцца збіраць кубік Рубіка, а потым – набыты трактар. А хтосьці ўвогуле дадаў, што кубікі Рубіка – гэта джойсцікі для кіравання трактарамі. У любым разе, калі ў рабочых МТЗ не будзе работы, то ім будзе цяпер, чым займацца.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ