Пра мову і геаграфічны дэтэрмінізм



Не перавядуцца на зямлі беларускай унікумы, якія лічаць, што беларусам бліжэй руская мова. Дык ладна, калі б проста лічылі. Але калі самі беларусы ў сваёй краіне спрабуюць сказаць, што патрэбна нешта беларускае, бо яны беларусы, гэтыя унікумы пачынаюць даказваць, што беларусы памыляюцца. І насамрэч блізкая мова – руская.

Праваабаронца і сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Павел Левінаў як чалец Віцебскай абласной выбарчай камісіі звярнуўся з прапановамі, каб ураўняць у правах рускамоўных і беларускамоўных. Праваабаронца звярнуў увагу, што сайты выканкамаў размяшчаюць інфамарцыю пра выбары ў Палату прадстаўнікоў толькі па-руску. Аднак на гэтыя заўвагі старшыня Віцебскай абласной выбарчай камісіі Дзмітрый Хома сказаў, што матэрыялы толькі на рускай мове не супярэчаць заканадаўству. Ну, да такіх адказаў мы ўжо прызвычаіліся. Што? Трэба садок беларускамоўны? Дык у нас дзве дзяржаўныя мовы, таму хопіць і на рускай мове. Хочаце клас беларускамоўны – той жа адказ. Ну, а пра беларускамоўны ўніверсітэт можна нават і не пытаць. Там апрыёры лічыцца, што выкладаць у вышэйшай школе можна толькі па-руску і што заканаўству гэта ніяк не супярэчыць. Вось так і жывем: у заканадаўстве дзве дзяржаўныя мовы, але ў рэальнасці – толькі адна. Прычым чужая беларусам.

Аднак сакратарка Віцебскай абласной выбарчай камісіі Святлана Іллюшчанка пайшла яшчэ далей у сваіх развагах. Яна сказала, што руская мова людзям больш родная за беларускую. І патлумачыла гэта вельмі проста. Маўляў, Віцебшчына знаходзіцца бліжэй да мяжы з Расіяй. Вось лепей бы сакратарка камісіі пасьянс раскладала, а ў моўныя справы не лезла. А тое з такім геаграфічным дэтэрмінізмам можна дагаварыцца да таго, што родная мова ў якім расійскім Владзівастоку – не руская, а кітайская.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ