Пра начное жыццё на гародах



У вас вадзічкі не знойдзецца? Жыхарам Смалявічаў яна акурат спатрэбіцца. Пад Менскам забаранілі паліваць гароды з 6 раніцы да 22 вечара. Парушальнікам – штраф. Шкада, што ў Смалявічах не праходзяць “Еўрапейскія гульні”: на момант правядзення акурат бы дазволілі паліваць гароды тады, калі хочацца.

У Смалявічах і Смалявіцкім раёне ўвялі забарону на паліў гародаў і ўчасткаў з 15 красавіка па 31 жніўня з 6 раніцы да 22 вечара. Такое рашэнне прынятае ў сувязі з засушлівымі ўмовамі надвор’я і ў мэтах забеспячэння насельніцтва пітной вадой. То бок паліваць расліны можна толькі пры святле месяца. Прычым забарона на паліў дзейнічае тады, калі гародамі людзі і займаюцца. Не пашанцавала тым, хто жыве ў Смалявічах. Гэта ў Драздах спрацоўвае аўтаматычны паліў газонаў: і не з 22 вечара да 6 раніцы, а тады, калі трэба. А ў Смалявічах няхай уцемры паліваюць. Тое, што ад гэтага раслінам не вельмі добра, бо з’яўляюцца вільгаць і гніццё, – нікога не хвалюе. Затое слімакі парадуюцца такому начному паліву.

А ўвогуле чаго спыняцца на забароне паліву гародаў і ўчасткаў удзень. Можна таксама забараніць насельніцтву мыцца з 6 раніцы да 22-й ночы. Зноў жа бялізну і посуд мыць таксама трэба толькі ноччу. І лепей увогуле ў гэтым час адключыць падачу вады ў кватэры і прыватныя дамы. Вось тады насельніцтва будзе сапраўды забяспечанае пітной вадой.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ