Пра нашую і вашую гісторыю



Каша мусіць быць у талерцы, а не ў галаве. Але на жаль, у беларускіх галовах змяшался ўсё: і Сталін, і Вялікае княства літоўскае, і Ленін, і Кірыла Тураўскі, і, як той казаў, хрэн з рэдзькай.

Калі многім беларусам гаворыш пра руйнаванне помнікаў Леніну, то пачынаюцца аргументы ў стылі: “Гэта нашая гісторыя”. Паглядзела б я на іх, калі б на галоўных плошчах Нямеччыны былі б помнікі Гітлеру. Вось бы вэрхал падняўся. А з іншага боку, гэта ж іхняя гісторыя. Чаму нам можна маньякаў розных ставіць, а ім не? Бо паводле маральных якасцяў, што Ленін са Сталіным, што Гітлер – абое рабое.

Еўфрасіння Полацкая разам са Скарынам плачуць на тым свеце. На білбордзе ў Скідзелі размясцілі разам Сталіна, “Пагоню” і нашых слынных дзеячаў. І падпісалі: “Гісторыя Беларусі – наша гісторыя”. Яшчэ б яшчэ размясцілі Івана Тырана, які вядомы больш як Іван Жахлівы, і павесілі такі білборд у Полацку. А што! Полацак 16 гадоў знаходзіўся ў руках Маскоўскага цара: за гэты час там рабавалі, забівалі і гвалцілі.

Але падаецца ўсё-такі, што “Пагоня” са Скарынам і Еўфрасінняй Полацкай – гэта нашая гісторыя. А вось Сталін, на сумленні якога – мільёны ахвяраў, у тым ліку, і нашых беларускіх дзеячоў, – гэта зусім не нашая гісторыя. Гісторыя можа быць неадназначнай. Але ў выпадку са Сталінам надышоў час даць канкрэтныя ацэнкі: забойца і маньяк.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ