Пра настойлівыя запрашэнні



Старшынька ЦВК Лідзія Ярмошына нарэшце патлумачыла, як гэта называецца, калі студэнтаў прымушаюць галасаваць на выбарах. Вось мы ўсё думалі, гэта прымус. Але не. Гэта не прымус. Гэта, аказваецца, настойлівае запрашэнне.

Лідзія Ярмошына заявіла, што студэнтаў на выбарчыя ўчасткі не заганяюць, а агітуюць. І патлумачыла розніцу. Маўляў, загон – гэта, калі існуюць пагрозы. А ў іншым выпадку – гэта агітацыя. І не проста агітацыя, а выхаванне інфанцільнага пакалення. Крута. Цяпер пад гэтае азначэнне можна ўсё падвесці. Начальства настойліва рэкамендуе працаваць на выходных бясплатна? Гэта не прымус, а агітацыя, выхаванне інфанцільных супрацоўнікаў. Вам гавораць выпісваць дзяржаўную прэсу? Гэта таксама не прымус, а агітацыя. Зрэшты, у апошняе яны сапраўды вераць. Падобнае аднойчы я пачула ад супрацоўніка адной з дзяржаўных газет наконт прымусовай падпіскі на іхняе выданне. “Пальцы ж у дзвярах ніхто не заціскае, каб газету выпісвалі”, — сказаў мне гэта супрацоўнік. Сапраўды, студэнтам пальцы ж ніхто не заціскаў. Іх проста агітавалі прагаласаваць датэрмінова. Тое, што студэнтаў настолькі настойліва запрашаюць на выбарчыя ўчасткі, што ў тых з’яўляецца страх за сваё навучанне, калі яны не прагаласуюць, пра гэта Лідзія Ярмошына не гаворыць. А ўвогуле нейкія падвойныя стандарты: калі можна настойліва запрашаць студэнтаў і іншых прагаласаваць датэрмінова, то чаму нельга агітаваць за байкот выбараў. Пры закліках да байкоту ніякіх жа пагроз няма. Гэта, карыстаючыся словамі Ярмошынай, проста выхаванне некаторых інфанцільных чыноўнікаў.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ