Пра неданастаўнікаў



Януш Корчак цяпер не ў модзе сярод некаторых беларускіх педагогаў. Хаця, а ці ведаюць яны, хто гэта такі? Яны, відаць, думаюць, што гэта так, нейкі чувак, пра якога чамусьці ва ўніверсітэце ім распавядалі. Але што менавіта распавядалі, некаторыя цяперашнія педагогі не памятаюць. Тое, што гэты педагог і лекар пайшоў у газавую камеру за сваімі гадаванцамі, яны не чулі. І наўрад ці чыталі ягоны твор “Як любіць дзіця”. Прынамсі, завуч адной з магілёўскіх школ дакладна пра Януша Корчака нічога не ведае. Бо калі б ведала, то не запалохвала б дзяцей турэмнымі тэрмінамі за публікацыі і рэпост інфармацыі пра кіраўніка краіны ў сацыяльных сетках. З такім падыходам у выхаванні, ёй трэба кнігу напісаць “Як ненавідзець дзіця”.

Хтосьці не баіцца ў газавую камеру ісці з дзецьмі, а ў кагосьці ўжо каленкі дрыжаць толькі ад аднаго ўсведамлення, што дзеці могуць думаць і дыскутаваць. У Магілёве ў адной са школ завуч па выхаваўчай працы збірала вучняў старэйшых класаў у актавай залі і распавядала пра забарону на апазіцыю. А таксама палохала турэмнымі тэрмінамі за абразу кіраўніка краіны. Маўляў, за гэта больш, чым за забойства і наркотыкі караюць. А больш за ўсё ад гэтага педагога дасталася маладзёну, які стварыў у сацыяльнай сетцы “УКантакце” старонку, дзе перапісаў артыкул пра дармаедаў, якія сталі болей плаціць за гарачую ваду, і напісаў статус “Дэмакратыі няма”. Хлопца выклікалі на нараду да дырэктара, дзе сабраліся завуч, псіхолаг і настаўнікі. І гэтыя дарослыя людзі пачалі пагражаць непаўнагадоваму хлопцу. Учынак, пасля якога гэтых супрацоўнікаў школы хочацца назваць “вучылкамі”, а не педагогамі. Пачыталі б лепей Януша Корчака. Можа быць, хоць штосьці зразумелі ў педагогіцы.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ