Пра „Ноч музеяў” па-беларуску



Капіталізм жыве! І як гэта ў Сінявокай яшчэ 70 гадоў камунізм будавалі?! Будавалі-будавалі, а па выніку прыйшлі да таго, што Адам Сміт са сваёй ідэяй нябачнай рукі рынка нервова курыць убаку. Атрыманне прыбытку – перадусім.

Вось, напрыклад, акцыя „Ноч музеяў”, якая праводзіцца з мэтай паказаць музеям свае магчымасці, прыцягнуць увагу моладзі да музеяў. У многіх краінах падчас гэтай акцыі бясплатна можна наведваць музеі  ажно да самай раніцы. У многіх, але толькі не ў нашай. Уяўляеце, у Музеі сучаснага мастацтва ў Парыжы ўваход на „Ноч музеяў” вольны, а ў беларускіх музеях – не. Сапраўды, а для чаго. У нас людзі багатыя, яны і так прыйдуць.

У Менску наведванне „Ночы музяў” было не самым танным. Ажно 15 рублёў. А калі чалавек хоча прыйсці ўсёй сям’ёй, то гэтую суму смела можна памнажаць на тры альбо чатыры разы. А тут ужо выходзіць кругленькая сума: то бок стандартная беларуская сям’я за наведванне „Ночы музеяў” можа аддаць прыкладна 60 рублёў. Гандлярка з крамы ці выхавацельніца ў дзіцячым садку, якія атрымліваюць рублёў 300-400, дакладна не павядуць сваю сям’ю на такое мерапрыемства. У рэгіёнах цана падчас „Ночы музеяў” троху ніжэйшая: 10 рублёў за сумнеўнае задавальненне патанцаваць сальсу ў адным з музеяў Гомеля. Карацей, выканалі мэты „Ночы музеяў”: далучы паболей людзей да наведвання музеяў.

А ўвогуле „Ноч музеяў” у Беларусі стала такой жа прафанацыяй, як усё іншае: і небясплатна, і зусім не ноччу. Адна толькі назва засталася „Ноч музеяў”.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ