Пра перапіс насельніцтва



Перапіс насельніцтва яшчэ толькі распачаўся, а недаверу да яго столькі ж, як да выбараў. І толькі спрадвечная законапаслухмянасць беларусаў не дае цалкам праігнараваць усеагульнае апытанне.

Падлічваць вынікі перапісу насельніцтва будзе, канешне, не Лідзія Ярмошына. Але наш народ, навучаны за гэтыя гады рознымі выбарамі ды рэферэндумамі, усё роўна з недаверам глядзіць на перапіс. Тым болей, вунь нядаўна народ паўдзельнічаў у фэйсбучнай актыўнасці Міністэрства аховы здароўя, падасылаў туды чэкі з цэнамі на замежныя лекі – і ўсё: кантроль на мяжы стаў больш сур’ёзны. Адной жанчыне, якая везла праз мяжу пакунак з «Тэрафлю», давялося заплаціць штраф ажно ў 6 базавых велічыняў. А гэта, між іншым, 150 рублёў.

Вось так і з перапісам: адкажаш на ўсе пытанні шчыра, а потым як наўводзяць падаткаў і забаронаў, што мала не падасца. Вось некаторыя беларусы і думаюць, ці ўдзельнічаць у гэтым перапісе і ці казаць усю праўду. Вось няма даверу ў народа да перапісу. І навіны з палёў не садзейнічаюць таму, каб гэты давер з’явіўся. Напрыклад, у Светлагорску некаторыя перапісчыкі аўтаматычна запісалі для сваіх рэспандэнтаў роднай мову рускую. Калі ж да іх звярнуліся з просьбай выправіць, то сказалі, што зрабіць гэта немагчыма і яны ўсіх так запісваюць. Недапрацавалі светлагорскія перапісчыкі: трэба было ўсе адказы на пытанні ўнесці ў базу. А ў рэспандэнтаў толькі асабістыя дадзеныя перапісаць. Час на апытанне тады б моцна скараціўся. А вось гісторыка Язэпа Янушкевіча дык увогуле папрасілі перакласці ягонае імя на рускую мову. Сапраўды, гэта ж такое імя складанае – Язэп. Непарадак, мусіць быць усё па-руску. Карацей, як бы не пераконвалі чыноўнікі беларусаў наконт таямніцы асабістых дадзеных пры перапісе насельніцтва, але народ ім усё роўна не верыць.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ