Пра платны і бясплатны праезд



Да канца школьных вакацыяў засталося зусім нічога. Для бацькоў гэта азначае, што, з аднаго боку, ім хутка давядзецца зноўку выконваць школьныя заданні са сваімі дзецьмі. Ад аднаго гэтага ўсведамлення, што давядзецца зноўку праходзіць усе тэарэмы ды правілы, можа сапсавацца настрой. А з іншага, нарэшце, не давядзецца плаціць у грамадскім транспарце за сваё дзіця. І ад усведамлення, што будзе нарэшце эканомія для сямейнага бюджэту, настрой зноўку ўздымаецца.

Невядома, якой логікай карысталіся беларускія ўлады, калі ўводзілі платны праезд для школьнікаў на час школьных канікул. Такое адчуванне, што дзеці падчас вакацыяў працуюць. Альбо па-за школай у іх няма ніякіх інтарэсаў і гурткоў. Дзеці ўсё ж такі не мядзведзі, якія кладуцца ў зімовую спячку і нікуды не перасоўваюць са свайго бярлогу. Школьнікі падчас вакацыяў і ў музеі ходзяць, і спартовыя секцыі наведваюць, і проста ў госці ездзяць. І наўрад ці 7 ці 8-гадовыя дзеці працуюць. Ды нават і трынаццацігадовыя. Хаця б з той прычыны, што, згодна Працоўнаму кодэксу, працоўныя дамовы заключаць можна толькі з 14 год. І тое са згоды аднаго з бацькоў. Ды і працаваць можна падчас вакацыяў з 14 да 16 год не больш за 4,5 гадзіны. А з 16 да 18 год – не болей за 7 гадзін. Адпаведна, заробак нават з 14 да 18 год будзе не такім, як у паўнагадовага беларуса. І ў гэтым плане праезд на час вакацыяў для непаўнагадовых у грамадскім транспарце па тарыфах дарослых людзей выглядае вельмі дзіўна. Бо дзеці нават улетку перамяшчаюцца па горадзе.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ