Пра помнікі сваім і чужым



У пасёлку Глуша з’явіцца бюст пісьменніку Алесю Адамовічу. Як вы думаеце, адкуль сродкі? Правільна, беларусы самі праз краўндфандынг скінуліся, каб ушанаваць памяць Алеся Адамовіча. Улады на бюст сусветна прызнанаму пісьменніку не далі ні капейчыны. Хаця патрэбна было ўсяго 900 рублёў. Таксама грошы не знайшліся ў беларускіх уладаў і на помнік Тадэвушу Касцюшку. Тады збор сродкаў ініцыяваў грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка. Неабходную суму ў 22 тысячы рублёў таксама сабралі звычайныя грамадзяне. А чыноўнікі, як заўжды, былі збоку. Беларускія ўлады таксама не далі ні капейчыны на помнік кіраўніку вызвольнага паўстання 1794 года. Затое ў Гомелі паставілі пафасны помнік братам Лізюковым. І для параўнання лічбы: 900 рублёў будзе каштаваць бюст Алесю Адамовічу, 22 тысячы рублёў каштаваў бронзавы помнік Тадэвушу Касцюшку. А вось на помнік братам Лізюковым разам з добраўпарадкаваннем плошчы пайшло… та-дам: 610 тысячаў беларускіх рублёў. Вы толькі ўдумайцеся: 900 рублёў і 610 тысячаў рублёў. Ці 22 тысячы рублёў і 610 тысячаў рублёў.

І калі ў выпадку з Касцюшкам яшчэ больш-менш зразумела. Цяперашнія беларускія ўлады не вельмі любяць нацыянальных герояў, якія ўдзельнічалі ў антырасійскіх паўстаннях, а тым болей, іх узначальвалі. А вось Алесь Адамовіч – баец партызанскага атрада, творца, які пісаў пра ІІ Сусветную вайну – для беларускіх уладаў з іхняй любоўю да вайны гэта акурат той самы чалавек, якога варта ўшаноўваць. А ўвогуле 610 тысячаў беларускіх рублёў, выдзеленых на адзін аб’ект, магло б хапіць і на помнік Тадэвушу Касцюшку, і на бюст Алесю Адамовічу, і на помнік братам Лізюковым, якіх так любяць беларускія ўлады. Абы было жаданне, як той казаў. А пакуль жа ёсць свае і чужыя.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ