Пра правераных назіральнікаў



Гісторыя з назіральнікамі працягвае набіраць абароты. Спачатку ў Беларусь не запрасілі міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ. Затое паклікалі назіральнікаў СНД, куды ўваходзяць краіны, якім да дэмакратыі яшчэ ісці і ісці. І вось цяпер вырашылі навесці парадак і з беларускімі назіральнікамі. Іхнюю колькасць абмежавалі да пяці чалавек у асноўны дзень галасавання. І да трох – падчас датэрміновага. Прычына – эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне. Крута! То бок да гэтага, можна было выпіць сто грам, як раіў галоўны вірусолаг, — і ніякі каронавірус не быў бы страшны. А тут, як выбары, дык узгадалі пра пандэмію. Калі так далей пойдзе, дык на 9 жніўня ўвогуле каранцін абвесцяць.

Лідзія Міхайлаўна так пра выбарцаў клапоціцца, так клапоціцца, што ажно прапанавала зменшыць колькасць назіральнікаў на выбарчых участках. Маўляў, сітуацыя з каронавірусам хоць і паляпшаецца, але ўсё роўна выклікае насцярожанасць. “Гэта бяспека не толькі назіральнікаў, але і сябраў камісіі, якія знаходзяцца пастаянна ў адным памяшканні”, — заявіла Лідзія Ярмошына. А потым дадала пра маральную абстаноўку, якая неабходная членам участковых камісій. Вось яно самае галоўнае! Які каронавірус! Проста сябрам участковых камісій не патрэбныя незалежныя назіральнікі. Таму і місіі АБСЕ не будзе. Таму, можна і не сумнявацца, што беларускія назіральнікі будуць толькі самыя правераныя: БРСМ, ветэраны і іншыя прадстаўнікі псеўдаграмадскіх арганізацый. Гэтыя выбары, відаць, прайдуць нават без спробы зрабіць добрую міну пры кепскай гульні.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ