Пра прывабнасці мутнага саюзу



Нашыя ўлады вельмі любяць свой народ. Так любяць, што зробяць усё, каб гэтаму народу было добра. Каб дабрабыт быў. Каб адчувалі сябе ўпэўнена і спакойна ў сваёй краіне. Каб маглі ўлюбёнай справай займацца. Ну, прынамсі, так на словах. А на практыцы такое адчуванне, што ад любові да нянавісці адзін крок.

Вось былі ў Беларусі калісьці фермеры. Парсючкоў вырошчвалі. На сябе працавалі. Гаспадарку мелі. Дамы будавалі. А тут здарылася напасць: афрыканская чума. Усіх фермерскіх парсючкоў улады прымусілі пазабіваць. Людзі засталіся без працы. Затое дзяржаўныя агракомплексы не чапалі. Афрыканская чума іх цудоўным чынам мінула. А вось папуляцыя парсючкоў у агульным маштабе так і не аднавілася. Не, каб уладам фонды нейкія стварыць для аднаўлення папуляцыі парсючкоў у фермераў. Выгадныя цэны прапанаваць для фермераў ад мясаперапрацоўчых камбінатаў. Так сказаць, падтрымаць айчынную прыватную жывёлагадоўлю. Дык не. Такі ж клопат — гэта не для нашых уладаў. Ім лягчэй разглядзець магчымасць пастаўкі свініны з Расеі.

Гэта так у стылі беларускай дзяржавы: падтрымаць не беларускі бізнэс, а расейскі. Увядзем мыты на аўто, каб падтрымаць расейскі аўтапрам. Запатрабуем наяўнасць сертыфікатаў на тавары лёгкай прамысловасці, каб канчаткова забіць дробны бізнэс. Пазабіваем усіх парсюкоў у мясцовых фермераў, а потым імпартуем свініну з Расеі — бо сваіх свінняў не засталося.

Дарэчы, як заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсксяльгасхарчу Аляксей Багданаў, „разглядаецца магчымасць паставак свініны з шэрагу расейскіх прадпрыемстваў, у тым ліку, з „Міраторгу”. Гэта той самы „Міраторг”, які лабіруе расейскі Крэмль. Кажуць, жонка прэм’ер-міністра Мядзведзева ў дзявоцтве мела прозвішча Ліннік — то бок такое ж, як ва ўладальніка прадпрыемства. Як прыводзяць у прыклад расейскія СМІ, у Бранскай вобласці 40 фермерскіх гаспадарак былі пакінутыя без дзяржаўнай дапамогі. А ўсе грошы, выдаткаваныя па праграме „Развіцця мясной жывёлагадоўлі ў Бранскай вобласці”, па інфармацыі расейскіх СМІ, дасталіся філіі „Міраторга” — „Бранскай мясной кампаніі”. Калі такі бізнэс прыйдзе ў нашую краіну, то гэта для беларускіх фермераў будзе горш за афрыканскую чуму і птушыны грып разам узятымі.

 

 

 

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ