Пра рукі для снегавіка



Сіноптыкі абяцаюць у бліжэйшыя дні мокры снег. І калі снега будзе многа, то можна будзе зляпіць снегавіка. А калі будзе мала, то зляпіць снегавіка можна будзе пазней. Калі снег усё ж такі з’явіцца. Аднак, як той казаў, ладзь калёсы зімою, а сані летам. То бок састаўныя часткі для снегавіка можна пачаць рыхтаваць ужо цяпер. Напрыклад, на барахолцы анлайнера ў раздзеле handmade акурат можна знайсці часткі для снегавіка. “Прадаю рукі снегавіка. Ёсць розныя. Цана за пару 10 рублёў”. – Такую абвестку размясціў карыстальнік пад нікам “блэксан”. Ягоны жарт іншыя інтэрнэт-карыстальнікі ўспрынялі на “ўра”.

На абвестку пра продаж рук снегавіка, зробленых з танюткіх галіначак, адгукнулася процьма людзей. Для добрага настрою акурат можна пачытаць перапіску прадаўца і патэнцыйных пакупнікоў. “Нарэшце знайшла! Мне патрэбныя тэрмінова дзесяць пар. Ці ёсць такая колькасць ручак? Калі аператыўна падрыхтуеце замову, то на выходных замовім яшчэ”. “І мне 25 пар да панядзелка можна?”, — так працягнулі жартаўлівыя паведамленні інтэрнэт-карыстальнікі. І далей у стылі, нібыта гаворка ідзе пра набыццё якога тэлевізара: “А па “халве” можна? Трэба адна пара. У рэгіёны адпраўляеце. Самавываз ці кур’ер?”. Хтосьці спытаў, чыя вытворчасць рук для снегавіка, бо ў мінулы раз замаўлялі з аліэкспрэса і якасць была кепскай, паколькі “ўсе палопаліся” на марозе. Прадавец даў гарантыі, што рукі для снегавіка – айчынныя. Хтосьці спытаў, ці магчымы абмен на біткоіны. Хтосьці прапанаваў супрацу. Маўляў, “працую сертыфікаваным майстрам па манікюры, пашырце асартымент ручкамі і для снежных баб, зраблю пазногці прыгожымі”.

Самаробныя рукі для снегавіка – вось тэма, якая хвалюе і аб’ядноўвае беларусаў. Купіце рукі для снегавіка!

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ