Пра самы масавы Дзень чыгуначных войск



Якія актыўныя ўлады Савецкага раёна Мінска. Асабліва яны чамусьці сталі актыўнымі за тыдзень да выбараў. Да гэтага пляцоўка ў парку Дружбы народаў выкарыстоўвалася ў асноўным для выгулу сабак і акцый апазіцыі. Аднак пасля масавых мітынгаў аб’яднаных штабоў Ціханоўскай, Цапкалы і Бабарыкі парк Дружбы народаў раптам стаў нейкім цэнтрам актыўнасці. Там кожны дзень нешта адбываецца. Спачатку тры дні запар з 17.30 да 21.30 праводзіцца музычны праект “Класіка без межаў”. Потым у гэтым ж час Дзень чыгуначных войскаў, потым Дзень будаўнікоў і зноў “Класіка без межаў”. Якія аматары класічнай музыкі ў адміністрацыі Савецкага раёна: ажно чатыры дні на класічную музыку выдзялілі. Відаць, будуць слухаць музыку нямецкага кампазітара Рыхарда Вагнера.

У сувязі з усімі гэтымі канцэртамі і днямі будаўніка ды чыгуначных войскаў мітынг кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай аказаўся пад пагрозай. 6 жніўня, калі была запланаваная масавая акцыя на 100 тысячаў чалавек, адміністрацыя Савецкага раёна вырашыла адзначыць на Бангалоры Дзень чыгуначных войск. Вельмі важная падзея. Як той казаў, вайна вайной, а Дзень чыгуначных войск па раскладзе. Хаця, а чаму б не прыйсці павіншаваць прадстаўнікоў чыгуначных войск Святлане Ціханоўскай з прыхільнікамі. Гэта ж законам не забаронена. Глядзіш, гэта стане самым масавым святам чыгуначных войск у гісторыі.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ