Пра стабільнасць



У Беларусі ўсё стабільна. Асабліва правядзенне выбараў. Настолькі стабільна, што прынцыпы іх правядзення не мяняюцца з года ў год. Старыны не рушыць, навіну не ўводзіць. Так было на мінулыя выбары, на прамінулыя, на прапрамінулыя. Мяняюцца толькі прозвішчы, а метады застаюцца нязменнымі. Як заганялі ўсіх на датэрміновыя выбары, так і заганяюць. Як укідвалі лішнія бюлетэні, так і працягваюць укідваць.

Куратарка БДЭУ прымушае студэнтаў да датэрміновага галасавання. Маўляў, трэба прагаласаваць менавіта да асноўнага дня галасавання. Такія куратаркі былі на мінулых выбарах, ёсць на гэтых. І, відаць, будуць на наступных. Назіральніца з Менску Ганна Толчыкава гаворыць, што выйшла на 2 хвіліны ў прыбіральню, а за гэты час у пратаколе з’явілася ажно лішніх 100 выбарцаў. І гэта зусім не новая з’ява для нашай краіны. У Берасці нейкая дзяўчына спрабавала ўкінуць адразу некалькі бюлетэняў. І гэта таксама ўжо было. На мінулых выбарах назіральнікі фіксавалі так званых карусельшчыкаў. То бок тых, хто ездзіць і галасуе па шматлікіх выбарчых участках. Мяркую, пра такіх таксама давядзецца пачуць на гэтых выбарах. Хаця народ ужо так стаміўся ад гэтай стабільнасці, што, калі б не прымус, то на выбары б не пайшоў. Наш народ думае, для чаго ісці галасаваць, калі парламент мала таго, што не выбіраецца, дык яшчэ нічога не вырашае.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ