Пра сучасную харчразвёрстку



У Віцебску міліцыянты хацелі ўварвацца да аднаго, але троху пераблыталі адрас. Сапраўды, з кім не здараецца. Падумаеш, хацелі ўварвацца да аднаго, а па выніку ўламіліся зусім да іншага. Добра, што гэта былі праваахоўнікі, а не хірургі. А тое ў такім жа стылі: хацелі зрабіць аперацыю аднаму, але троху пераблыталі і разрэзалі зусім іншага.

Віцебскія праваахоўнікі выехалі на выезд па нейкай побытавой справе. Аднак пераблыталі адрас. І ўламіліся чамусьці ў кватэру да мясцовага дэмакратычнага актывіста. Калі гаспадар кватэры адмовіўся адчыняць дзверы няпрошаным гасцям, тыя проста выламалі замок. Убачыўшы, што трапілі не ў тую хату, міліцыянты прабачэння не папрасілі. Хаця міліцыянты і словы прабачэння –  гэта рэчы даўно неспалучальныя. Тут хутчэй убачыш НЛА, чым пачуеш ад праваахоўнікаў слова “прабачце”. Дык ладна прабачэнні. Сышлі б сабе, раз не туды ўварваліся. Дык яны вырашылі пры нагодзе яшчэ і канфіскаваць троху рэчаў. Само сабой забралі бчб-сцяжкі і герб “Пагоня”. Гэтыя рэчы дзейнічаюць на міліцыянтаў, як чырвоная ануча на быка. Як бачаць, дык адразу хочуць канфіскаваць. Але акрамя “Пагоні” і бчб-сцяжкоў забралі яшчэ чамусьці хатняе віно, якое актывіст вырабляе сам з сыравіны, што расце на гародзе. Калі з сімволікай яшчэ больш-менш нейкую логіку прасачыць можна, то з віном у іх справы куды больш заблытаныя. Можа быць, праваахоўнікі падумалі, што раз яно чырвонае, то таксама забароненае. Карацей, нейкія складаныя дачыненні ў міліцыянтаў з віном. Цікава, а ў наступны раз, што будуць забіраць: мяса ды яблыкі?

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ