Пра свабоду па-беларуску



Нядоўга музыка грала. Не паспелі ўсе атрымаць асалоду ад начных шпацыраў па пешаходнай вуліцы Зыбіцкая, як улады вырашылі, што называецца, прыкрыць лавачку. Гэтым разам нават скаргаў пенсіянераў і ветэранаў не спатрэбілася. Мясцовыя ўлады вырашылі, што вулічных музыкаў не будзе пасля 23-й. Маўляў, побач жывуць семінарысты. Ад іх нібыта скаргаў не было. Але клапатлівыя ўлады ўсё-такі ўзгадалі, што там ёсць іхні інтэрнат. Вось дзякуй за такі клопат!

Вулічных музыкаў пасля 23-й на Зыбіцкай не будзе. Гэтаму факту вельмі ўзрадаваліся ўладальнікі некаторых кавярняў. Бо нібыта гэтыя музыкі ствараюць праблемы. І больш за тое, беларуская моладзь не гатовая ноччу слухаць музыку. Правільна! Трэба ў гэтых барах і рэстарацыях сядзець, а не музыкаў ноччу слухаць і па алкаголь хадзіць у звычайны начнік. З такім падыходам ва ўласнікаў бараў і рэстарацыў прыбытак меншы становіцца. А так: няма музыкаў, няма і канкурэнтаў.

Для аховы парадку прыцягнулі нават сілы АМАПу – структуры, якая мусіць займацца тэрарыстамі. Ну, а калі па вуліцы ходзяць праваахоўныя органы, то ўжо не расслабішся. Так што, у хуткім часе Зыбіцкая з пешаходнай вуліцы з музыкамі пераўтворыцца ў гламурненькае месца з барамі. Не падабаецца – ідзі спаць. Затое будзе чысценька і ціха.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ