Пра свята, якога няма



Пайдзіце і спытайце ў моладзі, хто такі Ленін. Добра, калі нехта адкажа, што гэта той помнік, які стаіць на галоўнай плошчы горада. Аднак большасць пацісне плячыма. Дзякуй богу, новае пакаленне беларусаў вырасла на творах Джоан Роўлінг пра Гары Потэра, а не на апавяданнях Зошчанкі пра Леніна. Персанаж Гары Потэра, які вучыцца чараўніцтву ў Хогвардсе, змагаецца з цёмным лордам Валандамортам ды мае верных сяброў, нашмат цікавей, чым вобраз Уладзіміра Леніна, які рабіў чарнільніцу з хлеба і пісаў рэвалюцыйныя тэксты малаком.

Так жа, як не ведае цяперашняе маладое пакаленне, хто такі Ленін, не надта яны і памятаюць пра Кастрычніцкую рэвалюцыю. Выключэнне складаюць хіба што студэнты гістарычных факультэтаў. Астатнія, па-першае, не вельмі даганяюць, чаму Кастрычніцкая рэвалюцыя святкуецца ў лістападзе. Па-другое, не вельмі разумеюць, якое яна дачыненне мае да Беларусі. І па-трэцяе, даўно гэта было. У гэтым плане выходны дзень на 7 лістапада, акрамя радасці таго, што не трэба ісці на працу ці вучобу, ніякай іншай сэнсавай нагрузкі не нясе. Ну, хіба там можна пайсці ў які паб, апрануць пілотку на галаву і сфоткацца каля чырвонага сцяга з кактэйлем буржузнай маргарыты пад гукі электроннай музыкі. Уладзімір Ленін у сваім маўзалеі некалькі разоў перавярнуўся, калі б даведаўся, як сучасныя дзеўкі ў кароткіх спадніцах сэлфяцца каля чырвоных сцягоў з хэштэгам рэвалюцыя. Няхай дзеўкі і надалей сэлфяцца, толькі не на фоне чырвонага сцяга. А ў нас у Беларусі няхай ужо 7 лістапада будзе звычайным сёмым лістападам без адсылкі на перавароты, якія для нашай краіны мелі кепскія вынікі.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ