Пра таемную інаўгурацыю



Аказваецца, інаўгурацыя – гэта інтымны і таемны працэс. Як нейкія хрэсьбіны проста. Пра яе ніхто не павінен ведаць. А асабліва народ. І толькі некалькі набліжаных да цела імператара (закрэслена) прэзідэнта, а калі дакладна, то каля сяміста чалавек могуць папрысутнічаць на гэтым святым дзействе.

У Беларусі нечакана для ўсіх адбылася інаўгурацыя Лукашэнкі. То бок яе ўвогуле чакалі ад нелегітымнага кіраўніка, які так і не паверыў, што за яго не прагаласаваў народ. Але неяк не верылася, што яна будзе настолькі таемна падрыхтавана. За некалькі гадзін прэс-сакратар Эйсмант нават дату інаўгурацыя не гаварыла, а потым раптам опанькі: інаўгурацыя. Праўда, інаўгурацыя прайшла без паслоў, без прадстаўнікоў рэлігійных канфесій, без спартоўцаў, без прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Ну, не браць жа ў разлік Саладуху з чамаданам у рукох, які быў заўважны на інаўгурацыі. А падрыхтоўка да інаўгурацыі адбывалася ў строгай сакрэтнасці. Дзяржаўная таямніца, а не інаўгурацыя. Такое адчуванне, што рыхтаваліся не да ўступлення на пасаду прэзідэнта, а да нейкай вайны. 23 жніўня, без абвяшчэння інаўгурацыі ўступіў на пасаду прэзідэнта саміведаецехто. У адказ інтэрнэт-карыстальнікі запусцілі флэшмоб з каранацыяй саміх сябе. А жанчыны прайшліся ў каронах па вуліцах Мінска. Працягваю флэшмоб і таксама абвяшчаю сябе каралевай усяго.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ