Пра ўзрост шчасця



Канадскі нейрабіёлаг Дэніэль Левіцін прыйшоў да высновы, што пік шчасця ў людзей прыпадае на 82 гады. Да такіх высноваў ён прыйшоў, сыходзячы з апытання жыхароў 60 краін. Калі падагульніць заяву Левіціна, то 82 гады – гэта такі ўзрост, калі многія дасягнулі, можна сказаць, дзэну: няма мітусні, надуманых праблем, амбіцый. Усё, што можна было, ужо дасягнута. А тое, што напружвала, мінула. Да смерці ў такім узросце ставяцца ўжо па-філасофску. Карацей, у 82 гады ў сілу атрыманай мудрасці ды ўзроставых і фізічных асаблівасцяў, нагоды для стрэсаў, якія існавалі ў маладосці, знікаюць. Па назіраннях Дэніэля Левіціна, пакаленне пажылых людзей больш радуецца і ўсміхаецца, чым моладзь ці людзі сярэдняга ўзросту. А вось пік нярадаснага жыцця прыходзіцца на 47-48 гадоў. І толькі ў 54 гады адчуванне шчасця зноў пачынае ўзрастаць.

Да чаго я ўсё гэта вяду? Проста сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі – 74 гады. То бок многія беларусы так і не дажываюць да піку шчасця. Нездарма ў рэйтынгу шчасця ААН Беларусь займае ўсяго 81 месца. Беларусы проста не дажываюць да яго. Як пажартаваў нехта з інтэрнэт-карыстальнікаў, Фонд сацыяльнай абароны не дасць дажыць да шчасця. А ўлічваючы, як у нашай краіне сталі цяпер налічвацца пенсіі, узрастанне адчування шчасця дакладна не наступіць у 54 гады, як пра тое кажа канадскі нейрабіёлаг.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ