Пра Валан-дэ-Морта і Беларусь



Якое дачыненне выдуманы Джаан Роўлінг адмоўны персанаж Валан-дэ-Морт мае дачыненне да Беларусі? Усю гісторыю патэрыяды я думала, што ніякае. А вось беларускія ўлады, аказваецца, маюць свой погляд на кнігі пра юнага чараўніка Гары Потэра.

Выдавецтва “Янушкевіч” мусіць прадаставіць у мытныя органы ліст, што ў другой кнізе “Гары Потэр і Таемная заля” няма заклікаў да звяржэння існай улады ў Беларусі. Вы думаеце гэта жарт? Але гэта праўда. Як аказалася, што гэта стандартная працэдура. І мытны агент сказаў выдавецтву такі ліст падрыхтаваць. Аднак дзіўна патрабаваць падобнае ў дачыненні да сусветна вядомай кнігі. Можа быць, мытныя органы думаюць, што ў кнізе студэнты Хогвардса раптоўна заспяваюць “Разбуры турмы муры”? Ці АМАПаўцы пераўтворацца ў дзементараў? Але, самае цікавае, прасілі. Калі ласка. Выдавецтва “Янушкевіч” падрыхтавала адмысловы ліст, дзе запэўнівае, што ў кнізе Джаан Роўлінг “Гары Потэр і Таемная заля” няма заклікаў да звяржэння існай улады ў Беларусі. Алілуйя. У Валан-дэ-Морта ўсё-такі не з’явяцца вусы ў шостай кнізе, а Таемная заля не стане Авальнай.

 Няхай яшчэ мытныя органы папросяць падобны ліст у дачыненні да казкі пра Кашчэя Бессмяротнага. А тое ведаеце, там увогуле раскрываецца сакрэт, дзе знаходзіцца смерць Кашчэя. Кшталту: на моры ёсць выспа, на той выспе дуб стаіць, пад тым дубам куфар зарыты, а ў тым дубе заяц, а ў зайцы – качка… Ну, далей вы і саміведаеце. А раптам гэта і не казка зусім.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ