Пра вялікіх архітэктараў і сцяг



У Менску разгарнулася цэлае паляванне на бел-чырвона-белыя сцягі. Такое адчуванне, што яны ў нашай краіне самыя вялікія злачынцы. Міліцыянты з такім імпэтам злодзеяў не шукаць, як тыя кватэры, дзе вісяць б-ч-б сцягі.

Сям’я Бялько нядаўна павесіла на балконе шматпавярховіка ў Менску бел-чырвона-белыя шторы. Гэта выклікала вялікую зацікаўленасць з боку праваахоўнікаў. Да сям’і Бялько міліцыянты прыходзілі некалькі разоў, пакуль не атрымалася канфіскаваць сцяг. І не проста канфіскаваць, але і яшчэ скласці пратакол за парушэнне артыкула 21.13 КаАП (парушэнне архітэктурнага рашэння фасада будынка). Дык каб там быў нейкі ўнікальны архітэктурны будынак. Пасрэдны шматпавярховік, які нічога ўжо не сапсуе. Знайшлі мне эйфелеву вежу. Вось цікава, да іншых штор таксама такую цікавасць выяўляюць супрацоўнікі праваахоўных органаў? Калі бел-чырвона-белыя фіранкі знялі, то чаму якія-небудзь жоўтыя шторы не здымаюць. Прапісалі б ужо дакладна, якога колеру мусяць быць шторы на вокнах. Напрыклад, на вокны можна вешаць толькі чырвона-зялёныя шторы. Астатнія колеры – парушаюць архітэктурнае рашэнне фасада будынка.

Таксама б-ч-б забралі ў Цэнтральным раёне па вуліцы Гая. Там увогуле сцяг забралі рабочыя з балкона, калі гаспадыні не было дома. Тое, што яны ўварваліся на прыватную тэрыторыю нікога з іх не хвалявала. Вось цікава, няўжо ніхто з рабочых не адмовіўся ад такой работы: забіраць сцяг з чужога балкона. Дарэчы, няхай гаспадыня праверыць, ці ўся вопратка з балкона на месцы. А тое раптам гэтым рабочым яшчэ нейкая бел-чырвона-белая вопратка падалася і яны якія-небудзь майткі яшчэ прыхапілі.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ