Пра выбары



Беларусам сталі вядомыя даты выбараў дэпутатаў у Палату Прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. Але з такім жа поспехам мы б маглі выбіраць эльфаў ці хобітаў. Таму што дзейнасць беларускіх парламентарыяў такая ж рэальная, як розных казачных народаў. Дык ад эльфаў і хобітаў прынамсі карысць ёсць: яны з’яўляюцца героямі фэнтэзі. Зноў жа «Уладар пярсцёнкаў» без іх быў бы нецікавым фільмам.

А вось ад беларускіх дэпутатаў карысці, як той казаў, нібыта з быка: ні воўны, ні малака. Беларускія парламентарыі толькі могуць націскаць пімпачкі «за» прыняцце патрэбнага ўладам закона. Ніякага абмеркавання, дыскусіяў, спрэчак ад іх не дачакаешся. Вось, напрыклад, сумнавядомы Дэкрэт аб дармаедах. Колькі яго дэпутаты абмяркоўвалі ў 2015 годзе? 28 хвілінаў. З іх – 6 хвілінаў выступала з дакладам тагачасны міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна. За астатнія 22 хвіліны дэпутаты задалі ажно 6 пытанняў. Ды яны, відаць, па-за пасяджэннямі, болей часу на абмеркаванне шкарпэтак выдаткоўваюць, чым на грамадска-рэзанансны дакумент. «Дэкрэт аб сацыяльным утрыманстве» у свой час падтрымала абсалютная большасць дэпутатаў: 100 чалавек. І толькі два выказваліся супраць. І гэта нягледзячы на ўсю абсурднасць гэтага Дэкрэта. Проста закон трэба было ўхваліць і дэпутаты яго ўхвалілі. Так што былі б беларускія парламентарыі, ці іх бы не было, як тых хобітаў і эльфаў, сітуацыя ніяк бы не змянілася.

Кіраўнік краіны падпісаў указы аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату Прадстаўнікоў. Калі пра Палату Прадстаўнікоў грамадства яшчэ больш-менш мае ўяўленне. То, што такое Савет Рэспублікі і для чаго ён існуе, для беларусаў – таямніца за сямю пячаткамі. Але выбары дык выбары. Затое ў буфетах зноў з’явіцца танная каўбаса і рыба.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ