Пра юзера Радзькова



Не ў той час і не ў тым месцы нарадзіўся былы міністр адукацыі і намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў. Былі б ягоныя бацькі з Каліфорніі, а не з Магілёўскай вобласці, то Аляксандр Міхайлавіч абавязкова б жыў і працаваў у Сіліконавай даліне. А так даводзіцца — хоць і ў сталіцы, але далёка не ў тэхналагічным цэнтры – вяшчаць пра інтэрнэт-парталы.

Аляксандр Радзькоў перавярнуў усе ўяўленні пра інтэрнэт. Ён узяў і заявіў, што інтэрнэт-парталы трэба прыраўняць да афіцыйных СМІ. Бывай такое свойства інтэрнэта, як адкрытае захаванне і распаўсюд інфармацыі. Беларускі чыноўнік прапанаваў багістую ідэю: інтэрнэт-парталы мусяць працаваць па тых жа законах, што і афіцыйныя СМІ. Ну, гэта тое ж самае, як спрабаваць з людскіх чутак зрабіць інфармацыйную агенцыю. У інтэрнэце інфармацыя распаўсюджваецца тады, калі ёсць інтарэс публікі. Няма інтарэсу – няма і распаўсюду. Але Аляксандр Радзькоў вырашыў, відаць, ініцыяваць чарговы віток развіцця інтэрнэту.

Што называецца, не атрымалася далучыцца да стварэння ARPANETу ў 1969 годзе, дык хоць у 2014-м трэба сваю лепту ўнесці. То бок вырашыў хтосьці каментар напісаць пад артыкулам – ідзі спачатку да рэдактара. Прапануй гэты каментар, потым аднясі напісанае карэктару, а потым гэта ўсё надрукуецца. А калі гэты каментар ты вырашыў напісаць на якім-небудзь замежным сайце, напрыклад, BBC, то атрымай спачатку акрэдытацыю ў Міністэрстве замежных справаў. Паколькі ў Беларусі забароненая праца без акрэдытацыі на замежныя рэсурсы. А яшчэ калі ты ў 16 год вырашыў заснаваць партал па прыродазнаўстве, то рабіць гэта табе забараняецца. Паколькі не можа ў Беларусі выступіць заснавальнікам сродка масавай інфармацыі фізічная асоба, якая не дасягнула 18 гадоў.

Але нарэшце споўнілася табе 18, мара пра стварэнне парталу па прыродазнаўстве  засталася. Але не можаш. Бо Аляксандр Радзькоў прапанаваў інтэрнэт-парталы прыраўняць да СМІ. А для рэгістрацыі СМІ, што патрэбнае: трэба падаць заяву, далучыць кучу паперак і заплаціць мыту. І толькі пасля гэтага можна стварыць партал па прыродазнаўстве.

Ну, а колькі можна будзе інтэрнэт-парталаў закрыць! Паводле закону аб СМІ, спыненне выпуску сродкаў масавай інфармацыі адбываецца па рашэнні суда. Наколькі справядлівая беларуская Феміда, ведаюць многія. А хто не ведае, той хаця б здагадваецца. Правесці неабходныя суды – не праблема. І глядзіш незалежныя сайты, паводле беларускага заканадаўства, мусяць будуць спыніць сваю дзейнасць. Карацей, Аляксанд Радзькоў – гэта той яшчэ Гелл Бейтс.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ