Пра забарону на апытанні



Беларускім СМІ забаранілі праводзіць апытанкі на тэму рэйтынгу кандыдатаў у прэзідэнты. Цяпер, каб пацікавіцца ў чытачоў меркаваннямі пра падтрымку таго ці іншага кандыдата, трэба атрымаць адмысловыя дазвольныя дакументы. За парушэнне можна атрымаць штраф у сто базавых велічыняў, ці 2700 беларускіх рублёў. Зразумела, аддаваць такую суму мала хто хоча. Улічваючы, што ў нашай краіне забароненыя экзіт-полы, незалежныя сацыялагічныя даследаванні, а цяпер яшчэ і апытанні на старонках інтэрнэт-СМІ, то цяпер дакладна ніхто нават не будзе ўяўляць сапраўдную падтрымку кандыдатаў.

Забарону на апытанні ў СМІ пра рэйтынг кандыдатаў ускосна падтрымаў і дырэктар Інстытута сацыялогіі Акадэміі Навук Генадзь Каршуноў. Ну, можа, і не падтрымаў, але дзяржаўная агенцыя БелТА падала так, што атрымліваецца, нібыта падтрымаў. У прыватнасці, Генадзь Каршуноў заявіў, што анлайн-апытанні па тэме прэзідэнцкіх выбараў – далёкія ад рэальнай сацыялогіі. Дык гэта і каню зразумела. Такое адчуванне, што ніхто гэтага не ведаў. Ніхто не прэтэндаваў на ісціну ў апошняй інстанцыі. У любым апытанні у СМІ падкрэсліваецца, што яны не з’яўляюцца сацыялагічнымі апытаннямі, а паказваюць выключна меркаванні чытачоў. І нешта падказвае, што апытанні забаранілі зусім не праз гэта. Напрыклад, у апошняй апытанцы, размешчанай на сайце “Наша ніва”, галоўны вірусолаг набраў 3 працэнты, а Бабарыка ажно 50. Падаецца, менавіта праз гэта беларускім СМІ забаранілі размяшчаць апытанкі. І справа тут зусім не ў тым, далёкія інтэрнэт-апытанкі ад сацыялагічных даследаванняў ці не. Было б у іншых кандыдатаў па 3 працэнты, а ў самі ведаецекаго – 30 і болей працэнтаў, то стаўленне да апытанак было б зусім іншае.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ