Пра забарону на святы



Улады Беларусі забараняюць усё, што толькі можна. Прычым афіцыйна і неафіцыйна. У Беларусі ёсць забарона на чырвоны і белыя колеры, на “Пагоню”, на мірныя акцыі, на карагоды, на свабоду слова. Вось цяпер яшчэ святкаваць забараняюць. Беларускі фатограф Сяргей Гапон запрасіў сяброў да сябе на падворак, каб адсвяткаваць Масленіцу. Як аказалася, і гэта цяпер нельга праводзіць. Улады, відаць, вельмі напалохаліся, што беларусы правядуць зіму блінамі і песнямі. На свята прыехала раённая міліцыя і ўручыла фатографу позву для дачы паказанняў па артыкуле 24.23 “Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства”. То бок на сваім падворку правесці свята – гэта ўжо масавая акцыя? А наступным разам будуць на вяселлі і дні народзінаў прыходзіць? Ці на пахаванні позву будуць нябожчыку ўручаць за тое, што несанкцыянавана памёр і парушыў парадак правядзення і арганізацыі масавага мерапрыемства.

Альбо цяпер трэба пытаць дазволу ва ўладаў, што прыгатаваць на абед і што спяваць? Ці можна пячы блінцы, альбо яны пад негалоснай забаронай. А песні якія дома спяваць можна, а якія не? А карыстацца відэльцамі з нажамі можна? Ці толькі відэльцамі? Ды паводле логікі ўладаў Беларусі, цяпер усё масавае мерпрыемства, за якое можна пакараць паводле артыкула 24.23. Як толькі нарадзіўся –  правёў несанкцыянаваную акцыю. 

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ