Пра змены Канстытуцыі без рэферэндуму



Знайшлася асоба, якая пераплюнула нават нашую старшыньку ЦВК Лідзію Ярмошыну. І гаворка не вядзецца пра нейкую там далёкую Паўночную Карэю. Гэтую краіну ад дынастыі Кімаў выратуе толькі цуд. Гаворка ідзе пра суседнюю краіну Расею. І пра тамтэйшую старшыньку Цэнтрвыбаркама Эллу Памфілаву. Былая ўпаўнаважаная па правах чалавека ў Расійскай Фэдэрацыі і экс-старшынька Рады па садзейнічанні развіццю інстытутаў грамадзянскай супольнасці на практыцы паказала, як яна ставіцца да правоў чалавека і грамадзянскай супольнасці. Элла Памфілава заявіла, што для змянення Канстытуцыі, якое прапануе Уладзімір Пуцін, не патрэбна праводзіць рэферэндум. На такое нават нашая Лідзія Ярмошына не ішла. Вось што значыць доўгі час займацца правамі чалавека пры прэзідэнце.

Як паведамляюць расійскія СМІ Уладзімір Пуцін прапанаваў увесці праўкі ў Канстытуцыю Расейскай Фэдэрацыі. Найбольш цікавыя праўкі датычаць магчымасці пераабірацца на прэзідэнцкую пасаду адной і той жа асобе некалькі тэрмінаў запар. Цяпер жа, як выказаўся кіраўнік РФ, ён не супраць таго, каб слова “запар” было прыбранае. Але грамадзянам РФ рана радавацца. Тым болей, што Уладзімір Пуцін сказаў, што не лічыць гэтае пытанне прынцыповым. А значыцца, улічваючы папярэдні досвед уладных стасункаў у Расеі, наўрад ці варта чакаць сыходу Уладзіміра Уладзіміравіча з палітычнай арэны. Аднак гэта ўжо зусім пра іншае. Цікава, што змяненні Канстытуцыі збіраюцца праводзіць без саміх грамадзян. Такое адчуванне, што гаворка ідзе пра тэкст вінашвальных паштовак, а не пра самы важны закон краіны. Старшынька ЦВК Расеі Элла Памфілава не бачыць неабходнасці ў правядзенні рэферэндуму для ўнясення змяненняў у Канстытуцыю. “Ёсць іншыя формы абмеркавання”, — заявіла Элла Памфілава. Як пажартавалі інтэрнэт-карыстальнікі, хутка Элла Памфілава зменіць народ без рэферэндуму.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ