Савок у галовах



Савок жыў, савок жыве. Але, спадзяюся, калі-небудзь перастане жыць. Галоўнае, каб у гэтую паравіну цудоўную жылі і мы. А пакуль улады на поўным сур’ёзе збіраюцца святкаваць 100-годдзе… не, не ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, а Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюзу Моладзі. Ці больш звыклая назва для былых савецкіх грамадзян: камсамол. З гэтай нагоды прэм’ер-міністр выдаў нават адмысловае распараджэнне аб стварэнні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных стагоддзю УЛКСМ. І ўзначальвае гэты аргкамітэт, хто б вы думалі? Правільна, цяперашні міністр адукацыі, камуніст Ігар Карпенка. Відаць, былых камуністаў, як і КДБ-шнікаў, не бывае.

Заўважце, колькі розных нашых беларускіх святаў адзначаецца сёлета. І 180-годдзе Кастуся Каліноўскага. І стагоддзе БНР. І 125 гадоў з Дня нараджэння Максіма Гарэцкага. Але толькі да 100-годдзя УЛКСМ створаны цэлы аргкамітэт, якому трэба распрацаваць план мерапрыемстваў. Як не старалася я знайсці на сайце Савета Міністраў навіны пра стварэнне аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР, так і не змагла. Сапраўды, падумаеш, усяго толькі незалежная Беларуская Народная Рэспубліка паўстала. Што гэта ў параўнанні з УЛКСМ. І ўлады суседняй братэрскай краіны не пакрыўдзяцца на святкаванні, і ўласнаму народу зразумела. А пра БНР паспрабуй яшчэ патумач. Гэта ж трэба будзе колькі тэмаў узняць пра незалежнасць і пра рэпрэсіі, якую тлумачальную працу правесці сярод насельніцтва. Не, гэта небяспечна. А вось стагоддзе камсамолу – тут і савецкія фільмы можна паказаць, і БРСМ далучыць. І зноў жа ветэранаў ды былых і цяперашніх камуністычных дзеячаў. І дзяцей у піянеры можна прыняць. Карацей, жывы савок яшчэ ў галовах.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ