Тэкст выключна ў межах закона аб СМІ



Усё, спадарства, прыехалі. Цяпер – толькі пазітыў. Ніякай табе крытыкі ўладаў. Ніякага кепскага слова пра чыноўнікаў. Дзякуючы нашай шматпаважанай і найлепшай палатцы (няхай яе дэпутаты вечна кіруюць у нашай краіне), блогеры падпадаюць пад “Закон аб СМІ”. Як заявіла найпрыгажэйшая і найразумнейшая міністр інфармацыі Лілія Ананіч, блог мусіць укладацца ў прынцыпы, вызначаныя законам аб СМІ.

Вось раней блогер напісаў, што захацеў, – і ніякую адказнасць за гэта не нёс. Напрыклад, накрэмзаў, што якая-небудзь высокапастаўленая асоба падобная на прадстаўнікоў сямейства земнаводных. А адказнасць за гэта якая? Ніякая. А цяпер усё будзе інакш. Цяпер блог – гэта як газета. З такім жа поспехам размову па тэлефоне можна прыраўняць да радыё, а гутарку з сябрамі на кухні – да тэлебачання. Так што неяк нашыя парламентары трошкі не дапрацавалі, трэба абавязкова ўвесці адказнасць для такіх тэлефонных і куханных гаваруноў.

А яшчэ пытанне паўстае для ЖЖ. Гэта ж рэсурс небеларускі. А калі небеларускі, то, значыцца і блогі там нельга весці без акрэдытацыі. Ну, раз блогі прыраўнялі да СМІ, то, паводле закона, дзейнасць на замежны рэсурс без акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных справаў забароненая. І ўсім тым, хто там нейкія допісы пакідае, можна даваць пракурорскае папярэджанне.

А ўвогуле нашыя найлепшыя людзі, якія засядаюць у палатцы, яшчэ вельмі добрыя. Таму нечага на іх наязджаць, што яны адзінагалосна змяненні ў “Закон аб СМІ” ўнеслі. А маглі б адразу крымінальную адказнасць для блогераў увесці. Вунь, на Кубе асуджаныя 20 блогераў. У Кітаі – 24. А ў Саўдаўскай Аравіі блогера пакаралі 10 гадамі турмы, тысячай удараў бізуном і буйным штрафам. А ўсё за тое, што той стварыў ліберальны форум, дзе крытыкаваў рэлігійную паліцыю і прадстаўнікоў духавенства. Так што ў нас яшчэ ліберальненька атрымалася. Ну, прыраўнялі блог да СМІ. Але ж пакаранне бізуном не ўвялі. І на тым дзякуй.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ