Унутрывідавая барацьба камуністаў



У некаторых краінах камуністычныя партыі забароненыя. А вось у Беларусі склалася ўнікальная сітуацыя: у нас ажно дзве камуністычныя партыі. Гэта Камуністычная партыя Беларусі і Партыя левых “Справядлівы свет”. І перыядычна яны спрачаюцца, хто з іх большы камуніст.

Партыя левых “Справядлівы свет”, хоць і зрабіла калісьці рэбрэндынг (бо ў свой час яны называліся Партыя камуністаў Беларуская), аднак сутнасць не змяніла. Як былі там большасць зацятыя камуністы, так такімі і засталіся. Прычым Партыя левых “Справядлівы свет” знаходзіцца ў вельмі дзіўным свеце. Калі раней яны былі разам з апазіцыяй, то пасля ўкраінскага Майдану стасункі сталі прахалоднымі. У некаторых гарадах яны нават на офісы апазіцыйныя перасталі заходзіць. Аднак і ў дзяржаўныя шэрагі не вярнуліся. Вось і знаходзіцца “Справядлівы свет” паміж двума светамі: апазіцыйным і афіцыйным.

7-га лістапада ўсе камуністы (і дзяржаўная Камуністычная партыя Беларусі і Партыя левых “Справядлівы свет”) пацягнуліся да помнікаў вечна жывому Леніну. Аднак у Віцебску паміж прадстаўнікамі камуністычных партыяў здарыўся канфлікт. Бедны Ульянаў перавярнуўся б у Маўзалеі, калі б даведаўся пра існаванне дзвюх камуністычных партыяў, якія да таго ж паміж сабой сварацца. А сварацца яны з прычыны, хто большы камуніст. “Мы сапраўдныя камуністы”, – гавораць адныя. “Не, мы больш сапраўдныя”, – гаворыць другія. І вось у Віцебску падчас ускладання кветак чалавеку, які ў свой час распачаў чырвоны тэрор, беларускія камуністы нават паштурхаліся. Да біцця, што праўда, так і не дайшло. Аднак паназіраць з попкорнам было за чым. Проста серыял нейкі, а не святкаванне Дня кастрычніцкай рэвалюцыі.

Каля помніку Леніну ў Віцебку спачатку выступілі сакратары трох віцебскіх райкамаў і старшыня Чыгуначнага саюзу афіцэраў. А пасля прамовіў і старшыня абласной структуры Партыі левых “Справядлівы свет”. Першы сакратар Віцебскага абкама, відаць, прырэўнаваўшы старшыню абласной структуры “Справядлівага свету” да Леніна, пачаў спіхваць апазіцыйнага камуніста з прыступак з крыкамі: “Гэта не ваш мітынг. Ідзіце адсюль”. Пасля гэтага ў канфлікт уцягнуліся і іншыя прадстаўнікі. Пачаліся крыкі: “Здраднікі”, “Гэта вы здраднікі”. Праўда, так незразумелым засталося, каму здрадзілі: рэвалюцыі, Леніну ці беларускай дзяржаве. Канфлікт у фізічнае рэчышча не перайшоў. І прадстаўнікі абедзвюх партыяў, накрычаўшыся, разышліся. А Ленін застаўся чакаць наступнага камуністычнага свята, калі камуністы зноў пачнуць высвятляць стасункі, хто з іх большы камуніст.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ