Вялікі брат



Трэба пастарацца, каб апярэдзіць Беларусь у плане цэнзуры. Але ўладам суседняй дзяржавы гэта ўдалося. І гаворка ідзе не пра Украіну. Акурат там з дэмакратыяй усё збольшага здавальняюча. Чаго не скажаш пра іншую нашую суседку – Расею. Пакуль тамтэйшае насельніцтва экзальтавала з нагоды таго, што крымнаш, у самой Расеі забаранілі ананімайзеры і торы. З дапамогай гэтых праграмаў можна было патрапіць на заблакаваныя сайты. І вось цяпер гэтаму прыйшоў канец.

Прэзідэнт РФ падпісаў закон, паводле якога забароненыя ананімайзеры і VPN-сервісы, якія дазваляцюь абыходзіць блакіроўкі Раскамнагляда. Вось хто цяпер цар і бог у Расеі. Раскамнагляд. Цяпер менавіта там вызнаючаюць, што можна глядзець жыхарам неабдымнай Расеі, а што не. Нават не верыцца, што гэта ў рэальнасці, а не ў нейкай кнізе-антыўтопіі. Раскамнагляд глядзіць на цябе! Раскамнагляд вызначае, што можна чытаць табе, а што не. Раскамнагляд існуе, а вы – не.

Дарэчы, закон ужо ўступіў у сілу. І цяпер уладальнікі ананімайзераў і VPN-сервісаў абавязаныя таксама блакаваць усё тое, што патрапіла ў чорны спіс Раскамнагляда. У іншым выпадку – заблакуюць саміх уладальнікаў ананімайзераў. У гэтым плане паўстае пытанне, для чаго тады ананімайзеры? Ну, хіба для таго, каб залазіць у сацыяльныя сеткі з працы, дзе стаіць блакіроўка на гэтыя рэсурсы. Гэта ў Расеі не забаронена. Такім чынам, адлыньваць ад працы ў сацыяльных сетках можна колькі хочацца. А вось зайсці на забаронены Раскамнаглядам рэсурс – нельга. У такія выпадкі хочацца сказаць, добра што я жыву ў Беларусі, а не ў Расеі.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ