Выбары-дурыбары



Прачыталі мы паведамленне пра тое, як у адным беларускім горадзе ў дэпутаты гарсавета сабраліся дырэктаркі гандлёвага дома і школы. І падумалася: „Жылі сабе спакойна дзве ўмоўныя Святланы Барысаўны і Таццяны Сцяпанаўны, кіравалі сваімі ўстановамі, нікога асабліва, акарамя падначаленых, не чапалі. І тут іх шчасліваму ненапружнаму жыццю прыйшоў канец”…

Сапраўды, нешта вельмі сумнеўна, каб гэтыя дзве кабеты раптам адчулі ў сабе жаданне займацца палітыкай. 40 з гакам гадоў ім не свярбеў грамадзянскі абавязак, а тут, напярэдадні мясцовых выбараў, ім захацелася стаць дэпутаткамі. Як той казаў, штосьці тут не так. І хоць мы не стаялі са свечкай над чалавекам, які адправіў Святлану Барысаўну і Таццяну Сцяпанаўну ў бурнае мора „вялікай палітыкі”, але падаецца, што быў яшчэ хтосьці трэці, хто вывучаў біяграфіі прэтэндэнтак, а потым узгадняў іх у пэўных структурах. Напэўна, нават спецыяльныя пасяджэнні з сур’ёзнымі дзядзькамі і цёткамі склікалася, дзе абмяркоўвалася, як правесці Святлану Барысаўну і Таццяну Сцяпанаўну ў гарсавет. А потым, калі рашэнне было прынятае, Святлане Барысаўне і Таццяне Сцяпанаўне зрабілі прапанову ў стылі амерыканскіх гангсцераў. Ад такіх прапановаў, як вядома, адмовіцца немагчыма. Усе гэтыя складаныя камбінацыі для таго, каб выбары былі падобныя да выбараў. Страшна ўявіць, колькі высілкаў прыкладаюць арганізатары такіх спектакляў, каб знайсці Святлану Барысаўну і Таццяну Сцяпанаўну, а потым пераканаць іх у тым, што „труба кліча”. А можна ж усё рабіць без лішніх намаганняў. Проста правядзіце справядлівыя і празрыстыя выбары.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ