Як без мяне мяне жанілі



Стабільнасць – нашае ўсё. За 19 год нічога не змянілася ў некаторых сферах. Некалі пры паступленні ва ўніверсітэт я адмовілася ўступаць у афіцыйныя прафсаюзы. Адмовілася, бо яны так і не патлумачылі, а як жа можна выйсці з іхняй арганізацыі ў разе патрэбы. А яшчэ таму, што за ўсе гады навучання я так і не пачула, каб студэнцкія прафсаюзы кагосьці абаранялі. Гэтак жа не чула, каб яны кагосьці абаранялі раней за той час, калі я вучылася ва ўніверсітэце. Ці пасля таго, як скончыла навучальную ўстанову. Студэнцкія прафсаюзы маўчалі, калі студэнтаў прымусова заганялі галасаваць. Маўчалі, калі адлічалі ўдзельнікаў акцыяў пратэстаў. Вось менавіта таму ўступаць у прафсаюзы я адмовілася.

І якое ж было маё здзіўленне, калі, скончыўшы ўніверсітэт, я даведалася, што нейкім чынам я не толькі ўсе пяць год навучання была ў прафсаюзах, але яшчэ і спраўна плаціла ўнёскі ўсе гэтыя гады. Дакладней, гэтыя ўнёскі з маёй стыпендыі адлічвалі аўтаматычна. На той момант сацыяльныя сеткі і мэсэнджары яшчэ не былі так развітыя, як цяпер. І справу гэтую я пакінула без публічнасці. Але вось праз столькі год я даведалася, што людзей усё гэтак жа запісваюць у розныя прадзяржаўныя арганізацыі без іхняга ведама. Напрыклад, сталася вядома, як у Менску педагог-арганізатар падрабіла подпісы навучэнцаў 11 класа, якія не ўступілі ў БРСМ. Між іншым, гэтыя дзеці таксама плацілі сяброўскія складкі ў арганізацыю, у якую не ўступалі. Да гонару, сучасныя адзінаццацікласнікі з Менска ўзнялі гэтае пытанне. Па выніку перад імі выбачыліся, а педагога-арганізатара паабяцалі звольніць. Але колькі яшчэ такіх “сяброў” налічваюць афіцыйныя прафсаюзы і БРСМ?

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ