Адвакат Украіны на зло Расеі



Сёння з двухдзённым афіцыйным візітам у Польшчу прыбыў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка. Па словах кіраўніка прэзідэнцкай канцэлярыі, Польшча хоча пацвердзіць стратэгічнае партнёрства з Украінай і падзяліцца з ёю сваім досведам у шэрагу галінах, у прыватнасці, у самаўрадавай рэформе.

Прыблізна ў гэтую пару ўкраінскі прэзідэнт завяршае сваё выступленне ў польскім Сойме. Раней адбылося афіцыйнае прывітанне ўкраінскай дэлегацыі, сустрэча прэзідэнцкіх пар, пленарнае паседжанне і сустрэча з журналістамі. Запланаваныя таксама размовы Парашэнкі з прэм’ерам Эвай Копач, са старшынямі Сойму і Сенату Сікорскім і Барусэвічам. У 16 гадзін прэзідэнты Камароўскі і Парашэнка прымуць удзел у эканамічным Форуме, а затым урачысты абед у гонар украінскага госця. У прысутнасці свайго ўкраінскага калегі Браніслаў Камароўскі падпіша закон аб ратыфікацыі Дамовы Еўразвяз-Украіна.  Вярхоўная Рада Украіны і Еўрапарламент ратыфікавалі Дамову ўжо 16 верасня, аднак яе павінны яшчэ ратыфікаваць усе 28 краін Еўразвязу. Палітычная частка Дамовы была падпісаная ўжо ў сакавіку. У ёй гаворыцца пра агульныя дэмакратычныя каштоўнасці і прынцыпы свабоднага гандлю, пра супрацу ў галіне знешняй палітыкі і бяспекі, энергетыкі, транспарту, адукацыі. Дамова патрабуе ад Украіны правядзення рэформаў, павагі да правоў чалавека і вяршэнства закону. Дамова прадугледжвае свабоднае перамяшчэнне працоўнай сілы, бязвізавы рэжым і іншае.

Аднак пад ціскам з боку Масквы рэалізацыя гаспадарчай часткі, датычнай свабоднага гандлю і шчыльнай супрацы ў розных галінах, была адкладзеная да канца 2015 года.

Як адзначыў кіраўнік канцылярыі польскага прэзідэнта Яромір Сакалоўскі, візіт Парашэнкі ў Варшаву будзе знакамітай нагодай для пацверджання салідарнасці Польшчы з Украінай у сітуацыі агрэсіі з боку Расеі. Пра гэта Камароўскі заявіў 4 чэрвеня падчас Свята Свабоды ў Варшаве ў прысутнасці прэзідэнта ЗША. “Няма свабоды без салідарнасці, а наша салідарнасць зараз асабліва патрэбная ўкраінскаму народу,” – адзначыў Камароўскі. 7 чэрвеня польскі прэзідэнт прыбыў у Кіеў на ўрачыстасць уступлення Парашэнкі на пасаду. Польшча гатова падзяліцца з Украінай сваім досведам на шляху трансфармацыі, у прыватнасці, у галіне самаўрадавай рэформы. Заўтра, у другі дзень візіту, Парашэнка наведае Люблін і наведае размешчаную там міжнародную польска-ўкраінска-літоўскую вайсковую брыгаду.

Польшча з’яўляецца сапраўдным паслядоўным і шчырым адвакатам Украіны ў Еўропе з часу “аранжавай рэвалюцыі”. Шчырая і амаль стопрацэнтная таксама сімпатыя палякаў да ўкраінцаў, не зважаючы на складаныя і нават жахлівыя карты ва ўзаемных дачыненнях у мінулым, у прыватнасці, “валынская трагедыя”. Польшча сама зведала расейскую няволю і хоча вырваць Украіну з каланіяльнага падпарадкавання Маскве. Яна заклікае Еўропу і свет заступіцца за Украіну, не аглядаючыся на Маскву, і сама гатова ў многім ёй дапамагчы. Польшча мае добры досвед у змаганні з карупцыяй, у развіцці малога і сярэдняга бізнесу і магла б дапамагчы Украіне скончыць з хворай, алігархічнай сістэмай. Дэцэнтралізацыя ўлады і самаўрадавая рэформа вызваліла прадпрымальніцкі патэнцыял палякаў і тое самае магчымае ва Украіне. Прэзідэнт Парашэнка, хаця сам з’яўляецца алігархам, аднак ён першы кіраўнік Украіны, які дае гарантыю, што еўрапейскі выбар украінцаў будзе напоўнены зместам. Яго ўрад поўны рашучасці рэфармаваць краіну паводле еўрапейскай мадэлі. У найноўшым інтэрв’ю для “Газэты выборчай” Парашэнка заявіў, што Украіна патрабуе трох рэчаў: міжнароднай палітычнай салідарнасці ў яе супрацьстаянні Расеі, эксперцкай дапамогі ў рэфармаванні дзяржавы і фінансавай дапамогі. Выглядае, што ўсе тры спадзяванні будуць паступова задаволеныя, калі свет убачыць, што за еўрапейскім выбарам 80% украінцаў пойдуць з іх боку канкрэтныя дзеянні.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ