Беларусь больш не можа быць сацыяльнай краінай



Падчас сустрэчы з працоўным калектывам “Протас” у Магілёўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка выступіў з шэрагам заявай. Ён у прыватнасці заявіў, што выступае супраць адмены свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, а таксама за тое, каб чалавек не чакаў ад дзяржавы падарункаў і сам выяўляў ініцыятыву.

Што тычыцца 7 лістапада, дык нават Расея адмовілася ад святкавання гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, аднак у Беларусі гэта дата адзначаецца. «Ніякага палітычнага сэнсу ў гэтае свята я не ўкладаю. Людзі прывыклі яго адзначаць. Ды навошта яго адмяняць? Я праціўнік рэвалюцый, як і вы, але тады людзі змагаліся за лепшае жыццё», — сказаў ён. Па словах беларускага кіраўніка, не трэба «ламаць гісторыю і пераназываць даты». «Але ў нас ўхіл на гэтае свята крыху іншы — да гэтага часу падыходзіць да завяршэння вытворчы і фінансавы год на прадпрыемствах. І я прапанаваў — давайце да гэтага свята рабіць народу падарункі, паказваць, што зрабілі за год. Гэты дзень трэба захаваць як дзень прамежкавай справаздачы перад народам. Не раю палітызаваць гэтае свята, трэба больш думаць аб практыцы — будаваць новыя масты, дамы, вытворчасці. Гэта галоўны сэнс, які мы ўкладваем у гэты сьвята», – заявіў Лукашэнка дадаў, што сам у гэты дзень не збіраецца святкаваць.

Затое важнейшай была ягоная заява, датычная сацыяльнай дапамогі ў прыватнасці маладым сем’ям. Цалкам нядаўна гаворачы пра дэмаграфічны крызіс ён абяцаў зрабіць усё, каб стымуляваць нараджальнасць і дапамагаць шматдзетным і маладым сем’ям, у прыватнасці ў набыцці жылля.  „Будзе магчымасць – абавязкова павялічым падтрымку, але крыху трэба напружыцца і маладым сем’ям,” – заявіў Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на тое, што пры інфляцыі ў 20 працэнтаў ільготны крэдыт пад 4 працэнты гадавых з’яўляецца фактычна падарункам. „Для таго, каб рабіць падарункі, вы павінны ў пяць разоў больш плаціць падаткаў, іншыя прадпрыемствы павінны ў 3-4 разы больш плаціць падаткаў, каб была магчымасць стварыць фонд у бюджэце і падарыць маладым сем’ям або шматдзетным сем’ям  жыллё. Але нельга абцяжарыць новымі падаткамі народ і прадпрыемствы. Дык адкуль узяць грошы для таго, каб выдаць іх маладым сем’ям? Гэтых грошай няма. Мы не друкуем грошы, гэта прывядзе да абвалу нацыянальнай валюты ў гэты крызісны перыяд,” – патлумачыў эканамічныя рэаліі краіны. Па яго словах, у сфэры сацыяльнай дапамогі падтрымка аказваецца ў першую чаргу шматдзетным сем’ям. „У нас насельніцтва не хапае, і я вымушаны стымуляваць гэту нараджальнасць, – сказаў кіраўнік дзяржавы, – і вось сюды мы асноўныя рэсурсы накіроўваем – нараджайце”.

„Я часта кажу аб тым, што я вас крыху збалаваў, – сказаў кіраўнік краіны. – Нельга залішне дапамагаць чалавеку, паколькі ён тады перастае працаваць. Вазьміце, напрыклад, Расею: там мала хто спадзяецца на дзяржаву, чалавек імкнецца недзе знайсці работу і зарабіць”. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што грошы ў першую чаргу трэба зарабіць, і цяпер у Беларусі гэта зрабіць можна. Больш мабільнымі павінны быць і самі людзі, пераязджаючы ў тыя мясціны, дзе ўжо ёсць жыллё і работа.

Усё вышэй сказанае варта разглядаць у супастаўленні з заявай намесніка міністра фінансаў Максіма Ермаловіча. Выступаючы на эканамічным Форуме ў Менску ён заявіў, што дзяржава зменшыць да мінімуму датацыі стратным прадпрыемствам. « Прадпрыемствы павінны або выжываць у рынкавах умовах, або памерці, і ў апошнім выпадку дзяржава возьме на сябе ўсю сацыяльную нагрузку, звязаную з ліквідацыяй такіх арганізацый”, — заявіў Ермаловіч. Ён дадаў, што дзяржаўная падтрымка павінна аказвацца толькі прыярытэтных галінам эканомікі. З вышэй сказанага вынікае, што Беларусь становіцца ўсё менш сацыяльнай краінай. З эканамічнага пункту погляду гэта разумны падыход, але гэтым самым Лукашэнка адштурхне ад сябе значную частку электарату, хаця гэта не значыць, што адвернуцца ад яго ўсе.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ