Без Украіны ў Расеі няма будучыні



“Новая стратэгія нацыянальнай бяспекі Расеі, у якой гаворыцца пра пагрозу з боку Злучаных Штатаў, не змяняе пазіцыю Вашынгтона, згодна якой Масква сама ўяўляе сабою небяспеку”. Пра гэта ў панядзелак заявіў начальнік аб’яднанага камітэта штабоў ЗША, генерал Джозэф  Данфорд.

Па словах генерала, амерыканскія вайскоўцы “заўсёды былі засяроджаныя на развіцці расейскага патэнцыялу”. Данфорд лічыць, што Расея з’яўляецца выклікам для ЗША і іх саюзнікаў. “Мы робім такую выснову на аснове дзеянняў і магчымасцяў Расеі, уключна з ядзернымі і кібернетычнымі,” – дадаў генерал. Ён прызнаўся, што пакуль сам не бачыў тэксту стратэгіі нацыянальнай бяспекі Расеі і хацеў бы з ім азнаёміцца перш, чым рабіць далейшыя высновы.

31 снежня Уладзімір Пуцін падпісаў указ, які зацвярджае абноўленую стратэгію нацыянальнай бяспекі Расейскай Федэрацыі. У гэтай стратэгіі стымуляванне “каляровых рэвалюцыяў” і “разбурэнне традыцыйных расейскіх духоўна-маральных каштоўнасцяў” названае асноўнай пагрозай для дзяржаўнай і грамадскай бяспекі. Сярод пагрозаў яшчэ гаворыцца пра “дзейнасць радыкальных грамадскіх аб’яднанняў і груповак, якія скарыстоўваюць нацыяналістычную і рэлігійна-экстрэмісцкую ідэалогію, замежных і міжнародных няўрадавых арганізацыяў, фінансавых і эканамічных структур, а таксама асобаў, скіраваных на падрыў адзінства і тэрытарыяльнай цэласнасці Расейскай Федэрацыі, дэстабілізацыю ўнутрыпалітычнай і сацыяльнай сітуацыі ў краіне”. У абноўленай стратэгіі, у прыватнасці, Украіна разглядаецца як “доўгатэрміновы ачаг нестабільнасці ў Еўропе”. У дакуменце цалкам не згадваецца пра анэксію Крыма і сілавое ўварванне ў Данбас, аднак сцвярджаецца, што на фоне “ўмацавання ва Украіне правай нацыяналістычнай ідэалогіі” адбываецца “мэтанакіраванае фармаванне ў насельніцтва Украіны вобразу ворага ў асобе Расеі”.

Для многіх аглядальнікаў абзац, датычны Украіны, з’яўляецца квінтэсэнцыяй усяе стратэгіі нацыянальнай бяспекі Расеі. Аказваецца, што з пункту погляду Крамля, гэта Захад распальвае ачагі канфліктаў у Еўразійскім рэгіёне. Маўляў, Расея акружаная ворагамі і ўсяго толькі абараняецца. Гэта Меркель, Аланд і Абама распалілі пажар “у сэрцы Еўразіі”, ва Украіне. Аказваецца, што гэта па віне ЗША і Еўразвязу ва Украіне адбылася “рэвалюцыя годнасці”. Спроба інтэграцыі Украіны ў Еўропу справакавала ўнутраны канфлікт ва Украіне. Аднак, хто быў другім бокам канфлікту – пра гэта не гаворыцца.

Вось тут і сутнасць праблемы. Так званыя “зялёныя чалавечкі” не былі ні амерыканцамі, ні еўрапейцамі. У снежні падчас вялікай прэс-канферэнцыі Пуцін прызнаў, што другім бокам канфлікту была расейская армія, якая выконвае свае ваенныя заданні ва Украіне па яго загадзе.  “Доўгатэрміновы ачаг нестабільнасці” – гэта пуцінскі план для Украіны. Гэта не залежыць ад санкцыяў, ад менскіх дамоўленасцяў і ад цэнаў на нафту. Для Пуціна і яго атачэння галоўным з’яўляецца не дазволіць Украіне ператварыцца ў нармальную дзяржаву. Ад гэтай навязлівай ідэі Крэмль не адмаўляецца, нават калі б цаной была ўнутраная катастрофа. Гэта апантанасць адной ідэяй супярэчыць здароваму сэнсу, але яна сведчыць пра тое, наколькі Украіна важная для Расеі, што не хоча яе адпусціць са сваіх абдымкаў у ніякім разе. Гэта мне трохі нагадвае сітуацыю з Косавам. Калыска сербскай дзяржаўнасці стала незалежнай краінай. Я гэтага ніколі не ўхваляў, аднак прыйшлося змірыцца з фактамі. Цяпер расейцам прыйдзецца прызнаць, што Кіеў – гэта іхняе Косава, якога сілавым шляхам не вернеш. З украінцамі, як старэйшымі братамі, трэба было па-добраму дамаўляцца. Расея, якая хоча лічыцца «старэйшым братам», будзе і ўспрымацца светам як агрэсар і краіна-вырадак.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ