“Болек”: Неразумная ўпартасць



“Дэкларацыю аб супрацы з камуністычнай Службай Бяспекі і пацверджанне атрымання грошай падпісаў Лех Валенса”. Такое рашэнне агучылі эксперты ў галіне графалогіі з кракаўскага Інстытута судовых экспертызаў імя Сэна па замове Інстытута Нацыянальнай Памяці ў Беластоку.

Экспертыза налічвае 235 старонак. Яна была праведзена ў рамках следства, пачатага пасля таго, як удава генерала Кішчака перадала ІПН папку дакументаў. Сярод іншага там былі дакументы, датычныя агента “Болека”, што і раней было вядомае, што гэта – Лех Валенса. Сам ён катэгарычна аспрэчваў аўтэнтычнасць дакументаў, якія захоўваў у сябе дома былы міністр унутарных спраў, блізкі супрацоўнік генерала Ярузэльскага Чэславаў Кішчак. “Я даказаў… і ІПН даказаў, што кампраматы на мяне, уключна з подпісамі, былі падробленыя. Цяпер чамусьці ўхапіліся за папкі Кішчака. Усе ж добра ведаюць, што Кішчак загадаў знішчыць усю дакументацыю, і на гэта ёсць пратаколы, спісы і прозвішча”, – цвердзіў Валенса. “Я чысты, нібы сляза. Я ніколі не быў на тым баку, не ўзяў ні граша ад камуністычных органаў”, – паслядоўна цвердзіў ён. Апраўдвацца яму прыходзілася шмат разоў, і трэба адзначыць, што ў 2000 годзе суд прызнаў яго рацыю. Так званы “люстрацыйны суд” прызнаў яго ахвярай, а не вінаватым.

Аднак, паводле прадстаўленага ўчора заключэння экспертаў, усё ж дэкларацыю аб супрацы з “бяспекай” Валенса падпісаў 21 снежня 1970 года. У святле дакументаў яго супраца са Службай Бяспекі працягвалася да 74-га года. Таксама 17 распісак атрымання грошай ад Службы Бяспекі (СБ) за перададзеную ёй інфармацыю асабіста і ўласнаручна падпісаў Валэнса. “Былы прэзідэнт, дапытаны як сведка, заўсёды цвердзіў, што ніколі не браў ніякіх грошай ад СБ… Думаю, што сёння ўжо няма ніякіх сумненняў адносна супрацы Валенсы з СБ”, – заявіў старшыня ІПН Яраслаў Шарэк. У актах “Болека”, абшырных тэкстах з многімі подпісамі няма слядоў пераробак і капіравання. Почырк быў натуральны, з усімі адметнасцямі, характэрнымі для выканаўнцы”, – заявіла Мар’я Кала – дырэктарка Інстытута імя Сэна.

Па словах старшыні ІПН, пасля 80-га года Валенса быў сімвалам “Салідарнасці”. Аднак варта памятаць, што “Салідарнасць” – гэта не толькі ён. Мы не маем намеру выключаць Валенсу з гісторыі Польшчы, аднак ацэнка яго асобы змяняецца, бо маем канчаткова даказаны факт яго супрацы з СБ. Затое з сённяшняга дня можна ўздымаць іншыя пытанні: наколькі гэтая супраца паўплывала на рашэнні Валенсы ў першыя 16 месяцаў існавання “Салідарнасці”, затым у 80-я гады і пасля 89-га года. Гэта адкрытае пытанне”, – заявіў Яраслаў Шарэк.

Пасля ўчорашняй прэс-канферэнцыі я задаўся цэлым шэрагам пытанняў. Чаму экспертызу праводзілі не міжнародныя эксперты, на чым настойваў Валенса, а той інстытут, які ў выпадку смаленскай катастрофы быў для цяперашніх элітаў не варты даверу, а вось у выпадку Валэнсы – варты даверу? Дзе дакументы, прозвішчы тых, на каго Валенса даносіў? У палове 70-х гадоў яшчэ ўвогуле не было “Салідарнасці”. Апроч таго, для дзеячаў “Салідарнасці” кароткі, непахвальны эпізод у жыцці Валенсы быў добра вядомы, але ў 81-м годзе гэта нікому не перашкаджала. Чаму пачало перашкаджаць пазней? Пасля перамогі “Салідарнасці”, пасля прэзідэнцтва, пасля Нобелеўскай прэміі міру. Што не кажыце, але гэта выглядае на нейкія асабістыя разборкі. А што тычыцца самога Валенсы, дык на яго месцы я гэтак упарта не запярэчваў бы фактам. Ну, прызнаўся б, сказаў бы, што стаў ахвяраю шантажу, але сваю слабасць акупіў значна большымі заслугамі. Такое прызнанне ні ў чым яму не пашкодзіла б. Яго месца ў гісторыі ніхто яму не адыме. А што не быў крыштальна чысты, дык ніхто не без граху. Гэтак павінен быў гаварыць з самога пачатку і гэтым заткнуў бы рот усім завіснікам, а так – часткова сам сабе вінаваты.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ