Дэмакратыя: неадназначная каштоўнасць



15 верасня ў міжнародным календары важная дата: «Міжнародны Дзень Дэмакратыі». Ён быў устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН адносна нядаўна, 8 лістапада 2007 года, у гадавіну прыняцця ў Каіры Ўсеагульнай Дэкларацыі ў справе Дэмакратыі.

Дзень 15 верасня прапанаваў адзначаць у якасці «Дня Дэмакратыі» прадстаўнік не самай дэмакратычнай краіны ў свеце — Катару. Аднак, прадстаўнікі абсалютнай большасці краін-сябраў ААН падтрымалі гэтую ініцыятыву. Паводле ініцыятараў, адмысловае свята павінна: пашыраць і ўмацоўваць дэмакратыю, спрыяць абмену досведам у галіне прасоўвання дэмакратыі, ў адносінах паміж краінамі, падвышаць грамадскую свядомасць у справе дэмакратыі і яе сітуацыі ў свеце, а таксама быць нагодай для ўзнагароджвання змагароў за дэмакратыю і правы чалавека. Падчас першага святкавання гэтага Дня генеральны сакратар ААН. Пан Гі Мун заявіў: «Досвед паказвае, што дэмакратыя абсалютна неабходная для дасягнення фундаментальных мэтаў чалавецтва: міру, павагі да правоў чалавека і прагрэсу… Мы павінны памятаць, што дэмакратыі не бывае без удзелу грамадзян. Найгоршыя для дэмакратыі — апатыя, боязь і неталерантнасць. Гэтыя настроі могуць быць не менш шкоднымі за эканамічны крызіс. Менавіта таму мы павінны берагчы дэмакратыю» — заявіў Генеральны сакратар ААН 7 гадоў таму. У штогадовым пасланні з нагоды Дня Дэмакратыі ён падкрэсліваў, што дэмакратыя прадугледжвае такую палітычную культуру, якая асноўваецца на талерантнасці і ўзаемапавазе. Таксама старшыня Еўрапарламенту –Марцін Шульц заявіў, што: «без дыялогу паміж рознымі палітычнымі сіламі, паміж палітыкамі і шараговымі грамадзянамі, мы не вырашым ніводнай, важнай праблемы сучаснасці».

Дэмакратыя — гэта невычэрпная тэма. Яна лічыцца аптымальным, дзяржаўным ладам, аднак з самага пачатку, часоў яе зараджэння, 500 гадоў да нашай эры, была скажоная несправядлівасцю. Як «улада народу» яна палягала на выбары людзей на высокія адміністрацыйныя і судовыя пасады нібыта ўсімі грамадзянамі, але за выключэннем жынчынаў, нявольнікаў, замежнікаў і мужчын да 20-га году жыцця. На практыцы, усяго 10-12% насельніцтва старажытных Афінаў вырашалі важныя для ўсяе дзяржавы справы. Паводле сучасных мерак, дэмакратыя прадугледжвае доступ да сферы палітыкі ўсіх грамадзян без аніякіх класавых, расавых і рэлігійных абмежаванняў. Сучасная дэмакратыя прадугледжвае падзел улады на выканаўчую, заканадаўчую і судовую, каб адна адну кантралявалі. Ва ўмовах сучаснай дэмакратыі людзі маюць магчымасць адклікаць свой давер уладзе, скінуць яе і абраць іншых кіраўнікоў. Калі грамадзяне не маюць такой магчымасці, дзяржава не можа лічыцца дэмакратычнай.

Паводле сучасным мерак, толькі 25 краін свету лічацца цалкам дэмакратычнымі дзяржавамі. Іх узначальваюць 4 скандынаўскія краіны, а ЗША займаюць у гэтым спісе ўсяго 19-е месца. Польшча класіфікаваная як краіна з няпоўнай дэмакратыяй, а Беларусь апынулася ў ліку недэмакратычных, таталітарных краінаў, аднак значна вышэй, чым найбольш адыёзная краіна ў сьвеце: Паўночная Карэя.

Паводле мяне, заходнія краіны, самі будучы далёка не дасканалымі, празмерна навязваць усяму свету сваю мадэль дэмакратыі, хаця яна зусім не адпавядае менталітэту і традыцыям пэўных дзяржаваў і народаў. Некалі на пытанне журналіста: калі амерыканцы выйдуць з Афганістану адзін генерал адказаў без аніякага роздуму: «калі ўсталюем тут дэмакратыю». «Тады, мабыць, вам прыйдзецца заставацца тут да канца сваіх дзён» — адказаў дасведчаны карэспандэнт. У некаторых краінах і культурах, заходняя мадэль дэмакратыі гэткая ж недарэчная, як жаночыя туфлі на высокіх абцасах на пяску Сахары. Усё ж варта было б ўсюды патрабаваць прынамсі яе некаторых прыкметаў: сумленнага выбару ўлады і магчымасці яе змены.

 

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ