Другі тур мясцовых выбараў у Польшчы



30 лістапада ў Польшчы завяршыўся другі тур выбараў у тых мясцовасьцяў, дзе кандыдаты на войтаў, бурмістраў і прэзідэнтаў вялікіх гарадоў не набралі ў першым туры два тыдні таму больш як паловы галасоў.

Пра сваю перамогу заявіла кіруючая партыя “Грамадзянская Платформа”, падтрыманы якой кандыдат затанецца на трэці тэрмін на пасадзе прэзідэнта Беластоку.

Тадэвуш Трускаляскі набраў больш як 63% галасоў, а яго контр-кандыдат ад “Права і Справядлівасьці Ян Добжынскі- больш 36 %. Выбарчая актыўнасць на Падляшшы склала амаль 41%, а кожны соты аддаў несапраўдны голас. Другі тур выбараў на Падляшшы адбыўся у 50-ці мясцовасцяў, аднак толькі ў некаторых гэта было міжпартыйнае спаборніцтва. Многія кандыдаты на пасады прэзідэнтаў, бурмістраў ды войтаў выступалі ад імя сваіх, Выбарчых камітэтаў. Гэтак было ў Сувалках, у Аўгустове, Граеве, Ліпску, Харошчы, Чорнай Беластоцкай, у гмінах Дабжынева, Юхновец Касьцельны, Навінка, Міхалова, Супрасьль, Васількаў, Заблудаў, Чаромуха, Нарва, Сураж, Дзедкавічы ды іншыя. Проста на мясцовым узроўні, у выпадку войтаў і бурмістраў меншых гарадоў мясцовыя, буйныя палітычныя партыі адыйшлі на другі план, а найбольшую ролю адыгрывалі мясцовыя, выбарчыя камітэты.

Адразу пасля заканчэння галасавання, радасці ад перамогі над апазіцыйнай партыяй

“Права і Справядлівасьць” у буйных гарадох не хавала “Грамадзянская Пляторма”. Яе прадстаўнікі альбо падтрымліваныя ёю кандыдаты перамаглі у Варшаве, Гданску, Вроцлаве, Познані, Катавіцах”. У сталіцы Ганна Гранкевіч-Вальц апярэдзіла прадстаўніка ПіС, былога супрацоўніка прэзідэнта Леха Качынскага – Яцэка Сасіна. Ён абяцаў жыхаром сталіцы бясплатны праезд гарадскім транспартам, але людзі нешта яму не паверылі. Гранкевіч абяцала, што пад яе кіраўніцтвам Варшава будзе дынамічна развівацца, а яе контркандыдат заявіў, што будзе глядзець ёй на рукі і сачыць за выкананнем дадзеных ёю абяцанняў.

Мяркуючы па рэакцыі ў выбарчых штатах, пачуцця паразы не было і сярод апазіцыі. “Калі у вялікіх гарадох ПіС атрымлівае звыш 40% галасоў, дык гэта добры знак на будучыню. “Спадзяючыся, што працэс узмацненьня нашай партыі будзе працягвацца. Мы перамаглі сярод маладых і ў многіх меншых гарадох. Гэта значыць, што ў Польшчы набліжаецца змена, якая краіне вельмі патрэбная”,- заявіў лідар “Права і Справядлівасьці” Яраслаў Качынскі. Цікавінкай і адной з найвялікшых сэнсацыяй можна лічыць перамогу на выбарах прэзідэнта невялікага гораду Слупск дэпутата ад партыі “Твой Рух” Робэрта Бедраня, які не хавае таго, што ён атэіст і з’яўляецца геям. Прэзідэнтам Стараховіц,будзе выкінуты раней з “ Грамадзянскай Платформы” усяго 25-гадовы Марэк Матэрэк. Вялікай нечаканасцю лічыцца таксама параза шматгадовага прэзідэнта Познані Рышаржа Грабэльнага.

Добра, што гэтыя выбары нарэшце закончыліся, бо асабліва іх першы тур адбыўся ў атмасферы скандалу, жарсцяў, і патрабаванняў іх паўтору. Ляснулася электронная сістэма падліку галасоў, у адстаўку падалі сябры Выбарчай камісіі. Гэта былі дрэнна падрыхтаваныя і дрэнна праведзеныя выбары. Радуе толькі тое, што гэтым разам аб усім не вырашалі буйныя партыі, але мясцовыя выбарчыя камітэты. У многіх гарадох людзі абіралі не паводле партыйнай прыналежнасці, але паводле асабістых якасцяў кандыдатаў. Гэта павінна быць важнейшым крытэрыям у любых выбарах, хаця ў Польшчы вырашальны голас усё яшчэ маюць палітычныя партыі. Аднак, калі ў Беластоку прэзідэнтам надалей будзе чалавек, які выбарчую кампанію праводзіў шляхам палівання брудам свайго апанента, дык гэта сумнеўная падстава для задавальнення.

 

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ