Дыяспара. Наіўныя спадзяванні



5-га верасня, у Менску прайшло другое пасяджэнене кансультацыйнай рады па справах беларусаў замежжа. Падчас яе міністр замежных справаў – Уладзімір Макей выказаў спадзяванне, што беларусы замежжа будуць прасоўваць не толькі беларускую культуру, але і спрыяць пашырэнню гандлёва-эканамічных сувязяў”.

Кансультатыўная рада была заснаваная ў 2015 годзе ў адпаведнасці з законам „Аб беларусах замежжа”. Ацэньваецца, што па-за межамі Рэспублікі Беларусь жыве каля двух мільёнаў беларусаў. У склад рады ўваходзяць больш за 30 прадстаўнікоў беларускай дыяспары з 20-ці краін. Міністр адзначыў, што дзякуючы праграме “Беларусы ў свеце” летась значна актывізавалася супрацоўніцтва беларусаў у замежжы з беларускімі пасольствамі. Па словах Макея, у меру сваіх магчымасцяў яны спрабуюць аказваць дапамогу беларускім арганізацыям у замежжы. Вось, 17 жніўня у Сакрамента (Каліфорнія) адбылося адкрыццё класа беларускай мовы і літаратуры. Міністр паведаміў пра намер стварэння ў Менску Беларускага дома, у якім мог бы мець сядзібу музей беларусаў замежжа. “Лічу, што сітуацыя, у тым ліку фінансава-эканамічная, будзе паляпшацца і ў нас будзе больш магчымасцяў супрацоўнічаць з беларусамі ў замежжы”, – заявіў Уладзімір Макей.

Міністр таксама выказаў спадзяванне на ўзаемнасць і салідарнасць з Радзімай з боку дыяспары. Ён з задавальненнем адзначыў, што многія людзі, якія ў свой час з’ехалі за мяжу, не страцілі сувязі з Беларуссю. Яны хвалююцца за яе лёс, шчыра жадаюць дабра сваёй краіне і ў патрыятычным духу выхоўваюць сваіх дзяцей. „Мы гаварылі аб канкрэтных кірунках працы ў эканоміцы, палітыцы, турызме, гуманітарным супрацоўніцтве. Вялікая колькасць прапаноў будзе ў найбліжэйшы час прааналізавана”, — адзначыў кіраўнік МЗС. Уладзімір Макей падкрэсліў, што пасяджэнне кансультацыйнай рады праходзіць у вельмі складаны час для Беларусі і свету. Гэта праблема тэрарызму, ваеннай пагрозы, міграцыі а таксама негатыўныя наступствы фінансава-эканамічнага крызісу. У такой абстаноўцы патрэбная згуртаванасць беларусаў на Радзіме і ў замежжы. Міністр заявіў, што беларускі ўрад спрабуе „не дапусціць пагаршэння узроўню жыцця народу”. Ён выказаў спадзяванне, што на выбарах 11 верасня будзе сфармаваны дзеяздольны, эфектыўны парламент, які паспрыяе развіццю краіны. За тое задачай усіх беларусаў ён назваў захаванне самастойнасці, суверэнітэту і дзяржаўнасці Беларусі. У складанай сітуацыі краіны асобныя выхадцы з Беларусі могуць паспрыяць у прыватнасці пастаўкам айчыннай вытворчасці за мяжу. З думкай пра гэта плануецца часцей запрашаць беларускіх бізнесоўцаў за мяжой для ўдзелу ў розных форумах і кірмашах.

Нагадаю, што Закон аб беларусах у замежжы быў прыняты 16 чэрвеня 2014 года пасля амаль 15-ці гадоў карпатлівай падрыхтоўкі. У ёй з самага пачатку актыўна ўдзельнічала згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Яно з самога пачатку лічыла Закон недасканалым, расплывістым, дэкларатыўным. Адразу паўстала пытанне недакладнасці разумення паняцця “дыяспара”. Апроч таго: як Беларусь можа дапамагаць сваім суайчыннікам у замежжы ў захаваньні беларускай мовы, культуры, традыцый і звычаяў, калі не дбае пра гэта ў сябе на Радзіме. Згодна з Законам, адносіны з беларусамі замежжа рэгулюе прэзідэнт, урад, Міністэрства замежных справаў, Міністэрства культуры, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, а таксама абласныя выканкамы і дзяржаўныя органы. Калі справай займаецца гэтулькі ўстаноў, дык можна быць упэўненым, што на практыцы не будзе займацца ніхто. На месцы МЗС я не надта спадзяваўся б на беларусаў у замежжы. Па-першае, беларуская эміграцыя нешматлікая. Па-другое, яна адносна бедная. Па-трэцяе, мабыць галоўнае: наўрад ці людзі, якія з’ехалі з Беларусі за хлебам альбо ў выніку пераследу, пажадаюць мець справу з тым самым кіраўніцтвам краіны.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ